Ветэран педагагічнай працы Эмілія Падковенка адзначыла сваё 80-годдзе

233
Поделиться:

▪ Ветэран працы Эмілія Падковенка з добрым настроем прымала віншаванні з юбілеем. Фота Валянціны Краўцовай.

На гэтым тыдні ветэран педагагічнай працы, старшыня клуба для пажылых людзей «Надзея» Эмілія Падковенка адзначыла сваё 80-годдзе. З юбілеем Эмілію Пятроўну павіншавалі старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Любоў Бонахава, лідар прафсюзнай пярвічкі гімназіі г. Мсціслава Людміла Тарачанка, былыя калегі, родныя і сябры.

Каля двух дзясяткаў гадоў былая настаўніца на заслужаным адпачынку. Але сядзець без справы — гэта не пра яе. З 2001 года, з моманту стварэння пры цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва клуба «Надзея», яна з’яўляецца яго нязменным кіраўніком. Кожны месяц на працягу ўсіх гэтых гадоў яна разам з супрацоўнікамі МЦСАН, бібліятэкі, культуры арганізоўвае пасяджэнні клуба. Эмілія Падковенка шмат гадоў была актыўнай удзельніцай раённага хору ветэранаў. Спявала сола, была вядучай, аб’ехала разам з аматарамі песні ўсе куткі раёна.

З кветак, якія вырошчвае, складае прыгожыя ікебаны, якія з задавальненнем дорыць знаёмым, аздабляе хатні інтэр’ер. Акрамя гэтага, у доме мноства вышыванак, вырабаў з бісеру. Апошнім часам Эмілія Пятроўна захапілася вырабамі ў тэхніцы пэчворк, ці шыццём з абрэзкаў тканіны. На старэнькай швейнай машынцы яна стварае сапраўдныя прыгожыя адмысловыя рэчы.

Педагагічную дзейнасць яна пачала ў школе-інтэрнаце, вяла ў дзяўчынак дамаводства. Потым атрымала дыплом філолага, перайшла працаваць у СШ №3 г. Мсціслава. Разам з выкладаннем рускай мовы і літаратуры Эмілія Падковенка ўвесь час выкладала працоўнае навучанне. Да гэтага часу не адно пакаленне мсціслаўчанак з удзячнасцю ўспамінае ўрокі дамаводства, таму што яна навучыла іх шыць, вязаць, выконваць хатнія жаночыя работы.

Больш за 30 гадоў працавала яна ў гэтай установе адукацыі, дзе заўсёды займалася і грамадскай дзёйнасцю. Эмілію Падковенку выбіралі старшынёй прафкама, працяглы час яна з’яўлялася адказнай за культурна-масавую работу.

Эмілія Пятроўна вядзе актыўны лад жыцця: акрамя ўдзелу ў рабоце клуба «Надзея» з’яўляецца членам аб’яднання педагогаў-ветэранаў раёна, дапамагае райкаму прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, раённаму савету ветэранаў, прафкаму гімназіі, са сваімі вырабамі ўдзельнічае ў выставах.