Вынікі і лічбы. Над чым працуюць у жывёлагадоўлі раёна

381
Поделиться:

▪ Добрасумленныя адносіны да працы Святланы Ліпіцкай даюць добры плён. Фота Валянціны Краўцовай.

Вынікі работы жывёлагадоўлі за першы месяц новага года былі разгледжаны на справаздачнай нарадзе, якая прайшла пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Дзмітрыя Пімашэнкі.

Мінулы год быў зусім няпросты для жывёлагадоўчай галіны раёна. Працаваць над выпраўленнем становішча пачалі яшчэ мінулым летам, калі дбайныя гаспадары рыхтавалі якасныя кармы для забеспячэння зімоўкі грамадскага статка. Кіраўніцтва раёна надае значную ўвагу выпраўленню становішча, якое склалася ў жывёлагадоўлі.
Гэтаму садзейнічае практычная і тэарэтычная дапамога раённых і абласных заатэхнічна-ветэрынарных служб, выязныя семінары, рэгулярнае падвядзенне вынікаў і аналіз становішча.

На нарадзе ўвага была нададзена пытанням вытворчасці і рэалізацыі малака, яго якасці. Было адзначана, што толькі ў ААТ «МушынаАгра» і «Кастрычнік» гэтыя паказчыкі больш за 100% да ўзроўня мінулага года. У цэлым па раёне за студзень рэалізацыя малака гатункам экстра і вышэйшым склала 70%, што перавысіла мінулагодні паказчык за аналагічны перыяд больш чым у два разы. Гатункам, які ніжэй сярэднераённага, рэалізуюць малако ААТ «Сцяг працы», «Натапа-Агра». Ім неабходна прыкласці ўсе намаганні, каб выправіць становішча ў бліжэйшы час.

Кіраўнікі гаспадарак трымалі справаздачу не толькі аб праведзенай рабоце па паляпшэнню якасці малака, але і па арганізацыі збалансаванага кармлення грамадскага пагалоўя, утрымання, лячэння і вакцынацыі жывёлы. У некаторых гаспадарках застаецца вострым пытанне выбыцця маладняка.

Працуюць над паляпшэннем становішча ў жывёлагадоўлі і ў ААТ «Мсціслаўскае рай-аграпрамтэхзабеспячэнне». Тут створана нядрэнная кармавая база. У пераліку на кармавыя адзінкі яна больш за 36 цэнтнераў на ўмоўную галаву. Але паказчыкі жадаюць лепшага: валавы надой малака за студзень у гаспадарцы склаў каля 81 тоны, рэалізацыя — крыху больш за 72 тоны пры таварнасці 89%. У гаспадарцы прыкладаюць шмат намаганняў, каб арганізаваць збалансаванае кармленне грамадскага статка, паляпшаюць умовы яго ўтрымання.

5 гадоў працуе ў жывёлагадоўлі гэтай гаспадаркі Святлана Ліпіцкая. Святлана Іванаўна — цялятніца. На МТК Суш яна даглядае цялят да чатырохмесячнага ўзросту. У гэты час пад наглядам жанчыны знаходзіцца больш за 80 галоў маладняку.
— Кожнае цялятка ўтрымліваецца ў асобнай клетцы, — паказвае мне сваю гаспадарку Святлана Іванаўна. — Пад асабістым нумарам, у якім указаны дата нараджэння, пол.
Цяляты зусім не баяцца людзей, нават чужых. Па ўсім відаць, што да іх адносяцца з увагай і дабрынёй.

Некалькі дзён цяляты знаходзяцца ў даярак, потым іх перадаюць цялятніцы. Выпайваюць іх цэльным малаком. У рацыёне таксама камбікорм, грубыя кармы, заўсёды чыстая пітная вада.

У абавязкі цялятніцы ўваходзіць кармленне, замена падсцілкі, агляд сваіх падапечных. Пры выяўленні хворых Святлана Ліпіцкая адразу звяртаецца да ветурача. Добрасумленныя адносіны да выканання сваіх абавязкаў даюць плён: прывагі на цялятах за 2019 год перавысілі паказчыкі 2018.