Пётр Лаўнікаў ведае, як атрымаць багаты ўраджай

269
Поделиться:

Пётр Лаўнікаў

У ліку пераможцаў абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур у 2020 годзе сярод сельскагаспадарчых арганізацый прызнана адкрытае акцыянернае таварыства «Кастрычнік», якому прысуджана трэцяе месца.

Хлебаробы атрымалі самую высокую ўраджайнасць на Мсціслаўшчыне: збажына на круг на іх палетках дала 51 цэнтнер з гектара, намалочана ў бункернай вазе 6920 тон. Гаспадарка забяспечыла на 100% выкананне плана здачы збожжа дзяржаве.
Што стала складаемымі поспеху хлебаробаў «Кастрычніка»?

— Хлеб — наш галоўны стратэгічны рэсурс, самы каштоўны прадукт харчавання, — зазначае дырэктар гаспадаркі Пётр Лаўнікаў. — Яго вырошчванню мы надаём самую пільную ўвагу. Усе этапы ў яго вытворчасці — важныя і адказныя. Аптымальныя тэрміны сяўбы, своечасовыя мерапрыемствы па падкормцы і апрацоўцы пасеваў. І, вядома, жніво, якасная падрыхтоўка тэхнікі да яго правядзення, зацікаўленасць працаўнікоў.

Згаджаецца з Пятром Лаўнікавым і яго намеснік па вытворчасці Аляксандр Ігнаценка. Ён лічыць, што ў атрыманні добрага ўраджаю збожжавых культур шмат складнікаў.

— Пачнём з таго, што сяўба азімых і яравых зерневых і зернебабовых была праведзена ў аптымальныя тэрміны, — расказвае знакаміты ў раёне майстар высокіх ураджаяў. — У апошнія гады выкарыстоўваем толькі элітнае і насенне першай рэпрадукцыі. Вытрымалі севазварот, унеслі мінеральныя і арганічныя ўгнаенні. Не падвяло і надвор’е. У час вегетацыі хапала вільгаці, тэмпература была досыць спрыяльная.

Жніво парадавала аграрыяў сонечнымі днямі. Шэсць камбайнавых экіпажаў, укамплектаваных працавітымі і адказнымі механізатарамі, хутка справіліся з уборкай зерневых і зернебабовых. Экіпаж гаспадаркі ў складзе Уладзіміра і Віталя Бабічаў першым у раёне намалаціў тысячу тон хлеба новага ўраджаю. На адвозцы збожжа ад камбайнаў першым тысячнікам стаў таксама вадзіцель ААТ«Кастрычнік» Васіль Грышанаў.

Пётр Лаўнікаў ведае, як атрымаць багаты ўраджай
Аляксандр Ігнаценка.

На думку Аляксандра Ігнаценкі, для якога, дарэчы, сёлетняя ўборачная кампанія дваццатая ў «Кастрычніку», галоўнае ў працы — узаемаразуменне. Спецыялісты гаспадаркі знаходзяць падтрымку ў Пятра Лаўнікава, прыходзяць да згоды, разам вырашаюць надзённыя задачы.

У сельгаспрадпрыемстве зроблены нядрэнны задзел на наступны год. Згодна з тэхналагічнымі патрабаваннямі пасеяна па 350 гектараў пшаніцы і трыцікале, 200 — жыта, 300 гектараў заняў рапс.

У гэтыя восеньскія дні не заціхае на палетках ААТ «Кастрычнік» гул трактароў. На магутнай сучаснай тэхніцы з адказнасцю выходзяць на палеткі працаўнікі гаспадаркі. Большасць з іх — майстры сваёй справы, маюць дастатковы вопыт і веды, з задавальненнем перадаюць іх маладым калегам.

Карыстаючыся спрыяльным надвор’ем, хлебаробы гаспадаркі займаюцца падняццем зябліва, убіраюць з апошніх гектараў пажніўныя рэшткі, якія ідуць на падсцілку жывёле. У гаспадарцы наводзяць парадак на зямлі: раскарчоўваюць аборкі, уводзяць у севазварот пустуючыя надзелы, якія сталі нічыйнымі.

Фота з архiва.