Дзмітрый Дубасаў: «Працу трэба любіць, тады і вынік будзе»

253
Поделиться:

Дзмітрый Дубасаў.

Пра маладога працаўніка адкрытага акцыянернага таварыства «СГЦ «Віхра»
Дзмітрыя Дубасава мы расказваем амаль што кожны год. Малады механізатар падчас уборачнай кампаніі заўсёды паказвае добрыя вынікі. За добрасумленнасць і адданасць працы напярэдадні прафесійнага свята ён адзначаны падзякай Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта.

Дзмітрый Дубасаў ужо амаль дзесяць годоў працуе ў сельскай гаспадарцы. За гэты час малады чалавек змог не толькі спазнаць усе тонкасці работы, але і зарабіць аўтарытэт кіраўніцтва і калег.

— Дзмітрый — адказны і старанны чалавек. У поле ён заўсёды выходзіць раней за ўсіх і працуе, пакуль дазваляе надвор’е. Задачу яму паставіш — і можна не турбавацца: выканае яе ў тэрмін, зробіць добра, — так гаворыць пра механізатара кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Брынявец.

Дзмітрый Дубасаў: «Працу трэба любіць, тады і вынік будзе»
Такое стаўленне да працы не раз дазваляла Дзмітрыю быць лідарам сярод сваіх калег. Падчас уборачнай кампаніі ён адным з першых становіцца вадзіцелем-тысячнікам. Вось і ў гэтым годзе, працуючы на адвозцы збожжа, паказаў добры вынік. На яго рахунку больш за 1600 тон перавезенага зерня.

Пасля ўборкі збожжа механізатар перасеў на корманарыхтоўчы камбайн — убіраў з палёў гаспадаркі кукурузу. Дарэчы, Дзмітрый у гэтым сезоне ўпершыню сеў за руль камбайна КВК-800, які летась набыла гаспадарка.

— Дзмітрый — хлопец вопытны, — кажуць яго калегі. — Яму можна даверыць любую справу. Такога кампетэнтнага работніка трэба яшчэ пашукаць. За ім замацавана некалькі адзінак тэхнікі. Нездарма яму даверылі новы КВК-800, бо добрую тэхніку трэба давяраць толькі надзейным працаўнікам. З ёй малады хлопец спраўляецца, таму і вынік добры.

Асабісты рэкорд механізатара ў час уборкі кукурузы на сілас склаў 14 800 тон.

— Вядома, уборка збожжа, корманарыхтоўчы перыяд — гэта напружаны час для ўсіх працаўнікоў сельскай гаспадаркі, — кажа Дзмітрый. — Але ж мне мая работа падабаецца, пагэтаму выконваю яе сумленна. Разумею, што з’яўляюся звяном аднаго вялікага калектыву. Ад мяне таксама залежыць будучыня нашай гаспадаркі.

Фота Наталлi Манусавай.