Жывёлагадоўчай галіне сельгаспрадпрыемстваў сёння надаецца асаблівая ўвага. Для таго каб мець добры вынік у вытворчасці малака і мяса, неабходна нарыхтаваць на стойлавы перыяд дастатковую колькасць кармоў. У сёлетнім сезоне аграрыям неабходна асаблівую ўвагу ўдзяліць не толькі колькасці, але тэрмінам закладкі кармоў, ад якіх залежыць іх якасць.
Больш за 1200 тон сенажу і каля 50 тон сена з траў першага ўкосу нарыхтавалі ўжо працаўнікі ААТ «Сож-Агра». У сярэднім за суткі ў гаспадарцы затрамбоўваецца да 500 тон зялёнай масы. Кожны дзень на адказнай корманарыхтоўчай рабоце задзейнічана механізаванае звяно ў колькасці 16 адзінак тэхнікі.
У чацвер з поля каля вёскі Падлужжа да сянажнай траншэі МТФ «Калатовіна» дастаўлялі здробненую зялёную масу 4 трактары і два аўтамабілі. На іх загрузцы на здрабняльніках працавалі Сяргей Надтачэеў, Віктар Радчанка і Аляксей Басцянкоў. На трамбоўцы ў дзве змены заняты Дзмітрый Кацапаў, Міхаіл Сільчанка і Віктар Федаровіч.
Разгрузіўшы духмяную падвяленую траву, якая, як кажуць у народзе, і дажду не бачыла, абмеркаваць вытворчыя пытанні на хвіліну затрымаліся Мікалай і Андрэй Вараб’ёвы. Мікалай Уладзіміравіч — вопытны механізатар з 20-гадовым стажам. Яго слушныя парады толькі на карысць сыну. Андрэй вучыцца ў Мсціслаўскім будаўнічым каледжы, атрымлівае прафесію механіка. Зараз знаходзіцца ў гаспадарцы на практыцы.
— У каледжы атрымаў вадзіцельскае пасведчанне і ў гарачую пару зусім не супраць дапамагчы роднай гаспадарцы, — гаворыць малады чалавек. — Ёсць магчымасць і навыкі вадзіцельскія ўдасканаліць, ды і грошы лішнімі не бываюць.
Андрэй стараецца. МАЗ, які яму даверыла кіраўніцтва таварыства, ён імкнецца падтрымліваць у належным стане, прыслухоўваецца да парад інжынера, вопытных вадзіцеляў.
На рахунку Андрэя Вараб’ёва больш за 200 тон перавезенай сянажнай масы.
Калі падзяліць на змяшчальнасць сенажу у кузаве аўтамабіля, якая складае крыху больш за 4 тоны, то стане зразумела, што з поля да месца закладкі кармоў юнак зрабіў каля 50 рэйсаў.
— Зрыву дапускаць нельга, таму што за лічбамі стаіць нешта значна большае, чым проста даведзеныя заданні, — кажа галоўны аграном гаспадаркі Андрэй Іваноў. — Нізкія майскія тэмпературы не давалі магчымасці травам расці як след, але потым цёплае надвор’е і дастатковая колькасць вільгаці выправілі становішча. Сёння мы маем нядрэнны выхад зялёнай масы з гектара. Думаю, што мы здолеем выканаць даведзеныя заданні.