Даведайцеся, калі на Мсціслаўшчыне з’явілася першае друкаванае выданне

Поделиться:

Першае друкаванае перыядычнае выданне з’явілася на Мсціслаўшчыне ў 1899 годзе. Прасачылі шлях газетнай справы з пачатку яе зараджэння да сённяшніх дзён.

У канцы XIX стагоддзя, а дакладна 1 мая 1899 года, чытачы Мсціслава і павета атрымалі першы нумар газеты. Яна называлася «Белорусский комиссионер». Яе першым выдаўцом і рэдактарам быў барон Пілар фон Пільхау. У 1899 годзе выйшла 35 яе нумароў. 28 кастрычніка 1900 года — 78. Да яе было прымацавана паведамленне, што «Па незалежачых ад рэдакцыі непераадольных цяжкасцях з 1 лістапада выданне часова прыпыняецца».

Выданне газеты ў Мсціславе аднавілася толькі ў 1917 годзе. 30 ліпеня таго ж года выйшаў першы нумар газеты «Мстиславский голос». Дарэчы, у архіве захавалася 25 яе нумароў, апошні датаваны лістападам 1917 года.

У канцы лістапада 1918 года ў Мсціславе ўбачылі свет «Известия Мстиславского исполкома Комитета совета красноармейских, рабочих, крестьянских депутатов и орган уездного комитета партии коммунистов (большевиков)». Газета выходзіла да 1 лютага 1923 года. У 1920-1921 гадах яна мела назву «Думы бедняка», а нумар ад 13 красавіка 1922 года выйшаў пад назвай «Деревенская новь».

У 1920 годзе у нашым раёне таксама распаўсюджвалася насценная газета, выданне якой было арганізавана павятовым аддзелам Расійскага Тэлеграфнага Агенцтва (РОСТА). Яна расклейвалася ў найбольш людных месцах і прызначалася для шырокіх кругоў насельніцтва. Газета інфармавала пра становішча на франтах Грамадзянскай вайны, аб міжнародных падзеях, дзеянні павятовых органаў улады, мясцовых мерапрыемствах. Яна выдавалася тыражом 1000 экземпляраў з грыфам Расійскай Сацыялістычнай Федэратыўнай Савецкай Рэспублікі. Яе памер быў крыху большы за сённяшнюю раёнку. Друкавалася ў друкарні Мсціслаўскага саўнаргаса на рускай мове, бо Мсціслаўшчына ў той час уваходзіла ў склад Смаленскай губерні.
У кастрычніку 1931 года мсціслаўчане і жыхары павета пачалі атрымліваць газету «Большевик Мстиславщины».

У 1938 годзе назва зноў змянілася. 23 чэрвеня выйшаў першы нумар газеты «Калгасная праўда», якая выдавалася (з перапынкам на час акупацыі) амаль 30 гадоў: да 26 красавіка 1962 года.

Дзень нараджэння газеты «Святло Кастрычніка», як органа партыйнага камітэта Мсціслаўскага вытворчага калгасна-саўгаснага ўпраўлення і раённага Савета дэпутаў працоўных, — 19 сакавіка 1963 года.

Выданне мае слаўную гісторыю, якую піша разам са сваімі чытачамі. Наша раённая газета — адна з лепшых у вобласці. Толькі за апошні час яна двойчы — па выніках работы за 2018 і 2022 гады — узнагароджана дыпломамі Магілёўскага аблвыканкама!
Сёння калектыў рэдакцыі раённай газеты «Святло Кастрычніка» прапануе друкаванае выданне, якое выходзіць два разы на тыдзень на 20 старонках. Акрамя гэтага, хутка даведацца пра навіны рэгіёна можна на сайце мstlife.bу, тэлеграм-канале «Мстиславль. Точка зрения», на ютуб-канале Mstlife.by.

Мы працуем для вас і разам з вамі!