Чаму групоўка самавылучэнцаў пачала крыкліва і пампезна вырашаць за мяне, у якой краіне мне жыць заўтра, каго лічыць сябрамі, а каго ворагамі? Чаму мне настойліва навязваюць заморскія дзядзькі і цёткі рознага кшталту сцэнарыі нашай «светлай будучыні»? Чаму некаторым дзялкам падалося, што яны маюць права на разбурэнне мірнага жыцця ў Беларусі? Чаму мяне павінны вучыць дылетанты, самазванцы, правакатары і крыкуны? Мяне як грамадзяніна незалежнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь вельмі хвалюе, што сёння адбываецца ў Беларусі. Спадзяюся, што гэтыя пытанні будуць разгледжаны на VI Усебеларускім народным сходзе.
Многія акцыі на вуліцах гарадоў былі зрэжысіраваны, а людзям-акцёрам дасталася роля пагарэлых тэатрыкаў. «Баявыя аперацыі» адбываюцца нават у інтэрнэце, дзе матэрыялы з’яўляюцца па прынцыпе: хто плаціць, той і заказвае музыку… Тое ж «Радыё Свабода» (з такой гаваркой назвай!) належыць і фінансуецца ЗША.
Перакананы, што эканамічнае і палітычнае ўзаемадзеянне можа паспяхова развіваць якасці незалежнай дзяржавы. Рэспубліка Беларусь імкнулася гэта ажыццяўляць два дзесяцігоддзі ХХІ стагоддзя. Так, перамоўныя пляцоўкі неабходны, аднак яны павінны функцыянаваць цывілізавана і эфектыўна, а не проста як абвяшчэнне папулісцкіх заяў, не проста пустая, хоць і прыгожая балбатня. А суверэнітэт і незалежнасць — гэта для майго народа не пусты гук, а пераможны этап у нацыянальнай гісторыі.
Беларусь заўсёды была гатова ўмацоўваць эканамічную інтэграцыю з рознымі краінамі. Заўсёды імкнулася здымаць бар’еры на шляху перасячэння тавараў, паслуг, капіталаў і рабочай сілы. Дзяржаўная мяжа, мытная мяжа, пункты пропуску з Расіяй, што прапаноўваюць аўтары новаспечанай праграмы апазіцыі, — гэта шлях нікуды. Нават не шлях, а крывая сцежка ў бездань.
Многія галіны прамысловасці Беларусі сёння звязаны з прамысловасцю Расіі, і асабліва сельскагаспадарчая, прыборабудаванне, машынабудаванне. На захадзе нас ніхто не чакае. Няўжо незайздросны вопыт Украіны, што імкнулася парадніцца з ЗША, Еўропай нас не прывёў да ўсведамлення прапісных ісцін? Мы такой цяжкай працай склейвалі ўсю кааперацыю пасля развалу СССР, а сёння, як прапануюць гарачыя галовы, давайце ўсё зноў зруйнуем?! І вельмі добра, што сённяшняму кіраўніцтву Беларусі хапае мудрасці, вопыту і розуму, каб не рабіць памылак, каб не шкодзіць свайму народу, якога заўтра можа чакаць беспрацоўе і нявызначанасць лёсу.
Нельга забываць, што самы значны таваразварот Беларусі з Расіяй. За студзень-верасень бягучага года ён склаў звыш 21 мільярда даляраў, або каля 50%. Прычым у свеце сёння ідзе барацьба паміж краінамі за рынкі збыту. Беларускія тавары добрыя і якасныя, аднак канкурэнцыі ніхто не адмяняў. Мы ўжо не першы год наладжваем эфектыўныя адносіны з Кітаем. Замежныя інвестыцыі для нас заўсёды былі вельмі важнымі.
Нельга не адзначыць, што каля 650 тысяч беларусаў пражывае сёння ў Расіі. Яна стала для іх фактычна другой радзімай. А ці стануць такой радзімай для нашых суайчыннікаў Еўропа, ЗША?
Так, не ўсе сёння ў Беларусі могуць пахваліцца добрымі заробкамі, аднак хто сказаў, што пры новых уладах вашы кішэні стануць ламіцца ад грошай?
Заклікі да забастовак могуць прапагандаваць толькі абмежаваныя, неразумныя людзі. Няўжо мірнае неба над сінявокай Беларуссю танна каштуе?
Заўважу, што галаслоўныя заклікі — гэта проста маніпуляцыі над свядомасцю. Ці вылечылі нас ўчора рознага кшталту чумакі ды кашпіроўскія, ці ўзбагацілі нас розныя МММ? Шчаслівая будучыня Беларусі знаходзіцца толькі ў нашых руках. Шчаслівы лёс — толькі ў плённай працы на карысць Бацькаўшчыны.
Ворагі маёй Айчыны забылі, што беларусы — зусім не той народ, што пойдзе на барыкады. Мы не хочам грамадзянскіх войнаў, нашым папярэднікам хапіла крывавых 1418 дзён і начэй Вялікай Айчыннай вайны.
Нам хочацца жыць у мірнай Беларусі, якой яна сёння з’яўляецца, расціць хлеб, гадаваць дзяцей, радавацца ўнукам.
Нам не патрэбны вогнішчы варожасці, агрэсіўнасці, раздору і нянавісці, якія імкнуцца распаліць у маёй краіне рэжысёры пагарэлых тэатраў. Ворагі майго народа вельмі хочуць, каб беларуская прамысловасць спынілася, каб мы звярнуліся да іх з працягнутай рукой. Такога не будзе. Мой працалюбівы народ здольны сам сябе пракарміць, апрануць.
У некаторых хворых галовах сядзіць знакамітая фраза Ільфа і Пятрова «заграница нам поможет». Я хацеў бы нагадаць іншую загадку: «Дзе бывае сыр бясплатны?»
Канстанцін КАРНЯЛЮК, г. Віцебск.