Аграрыi распачалi палявыя работы. Паспрыяла надвор’е

561
Поделиться:

▪ Віктар Кулікаў упэўнены, што з веснавымі палявымі работамі справяцца тэрмінова. Фота Валянціны Краўцовай.

Надвор’е сёлетняй зімы і вясны дазволіла аграрыям раней, чым у мінулыя гады, распачаць вясеннія палявыя работы. Усе гаспадаркі раёна займаюцца вывазкай і ўнясеннем арганікі пад веснавое ворыва, апрацоўкай азімых культур, вядуць падсеў траў. Не выключэнне і працаўнікі адкрытага акцыянернага таварыства «СГЦ «Віхра», якія актыўна ўключыліся ў перадпасяўныя клопаты.

ААТ «СГЦ «Віхра» — адна з самых буйных гаспадарак раёна. Пад веснавую сяўбу тут запланавана больш за тры з паловай тысячы гектараў, больш чым на тысячы гектараў яшчэ належыць правесці ворыва.

Зерневая група згодна з зацверджаным планам у «Віхры» павінна заняць 2049 гектараў, 750 адве-дзена пад кукурузу, 500 з якіх будзе ўбрана на сілас і 250 — на зерне. Калі дадаць да гэтага 770 гектараў, на якіх неабходна пасеяць аднагадовыя травы, то становіцца зразумела, што задача перад гэтым сельгаспрадпрыемствам стаіць няпростая.

— На плошчы 410 гектараў па азімых правялі падсеў канюшыны, — расказвае галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Алена Скараходава. — Гэту работу на самаходным агрэгаце «Раса» выканаў Дзмітрый Дубасаў. Актыўна працуем над вывазкай арганікі. Кожны дзень ад жывёлагадоўчых памяшканняў на палі яе вывозяць чатыры раскідвальнікі МТТ-9. Згодна з заданнем нам неабходна ўнесці пад яравую сяўбу больш за 70 тысяч тон арганічных угнаенняў. Гэта работа выканана амаль на 60%. Назапашваем мінеральныя ўгнаенні. З Ходас карбамідна-аміячныя сумесі (КАС) дастаўляюць Уладзімір Баераў і Аляксандр Цітоў.

Працаўнікі ААТ «СГЦ «Віхра» таксама прыступілі да веснавога ворыва. На ім заняты Аляксандр Буслоў і Віктар Кулікаў.

На МТЗ-3022 з васьмікорпусным плугам Kverneland недалёка ад Басценавічаў у сераду працаваў Віктар Кулікаў. Вопытны механізатар, у якога за плячыма больш за 30 гадоў стажу, упэўнена вядзе магутную тэхніку па мінулагодняму ржышчу.

— Кожны год надвор’е падносіць сюрпрызы, — кажа механізатар. — Так рана, як сёлета, здаецца, ні разу ў поле не выходзілі. Зямля глыбока не прамярзала, снегу амаль не было. Пагэтаму тэхніка не правальваецца, глеба не надта вільготная, адвальваецца ад плугоў.

Палеткі, на якіх працуе Віктар Пятровіч, знаёмыя яму з дзяцінства. Ён родам з Басценавічаў, тут пражыў усё жыццё, з мясцовай гас-падаркай звязана ўся яго біяграфія. Пасля службы ў арміі некаторы час працаваў вадзіцелем, потым па вытворчай неабходнасці перасеў на трактар. Адказны механізатар па-гаспадарску выконвае ўсе палявыя работы.