Святазер’е: успомні свае карані. Ліст Галіны Дамарацкай

3
Поделиться:

Святазер’е: успомні свае карані. Ліст Галіны Дамарацкай

Гэты год абвешчаны Годам малой радзімы. Прыйшоў час звярнуць увагу на тую спадчыну, якую яшчэ можна захаваць. Пры ўспамінах пра малую радзіму вяртаешся да свайго мілага роднага кутка, дзе нарадзіўся і вырас, дзе прайшлі самыя шчаслівыя дзіцячыя і юнацкія гады.

Для мяне гэта невялічкая вёсачка Святазер’е, якой зараз, на жаль, ужо няма, але ў памяці маёй яна жыве.

Знаходзілася яна недалёка ад Мсціслава, а назву ёй дало Святое возера. Бацькі мае былі простыя сяляне. Бацька Аляксандр Максімавіч працаваў у калгасе «1 Мая» трактарыстам, маці Вера Іванаўна — паляводам. Бацька быў першакласным майстрам, любіў тэхніку і працаваў шчыра і аддана. За працу быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, шматлікімі ганаровыми граматамі. Маці выконвала самыя розныя работы. Механізаванай працы было зусім мала, большую частку прыходзілася выконваць уручную. Асабліва працаёмкім
было вырошчванне лёну, які трэба было ўручную выбраць, потым абамалаціць, разаслаць, падняць і звязаць у снапы, пагрузіць і завезці на льнозавод. Не меншай карпатлівасці патрабавалі і палеткі буракоў, якія летам прарэжвалі, палолі, а ўвосень абразалі і звозілі ў бурты. Сеялі і капалі бульбу, дапамагалі на сеялках падчас сяўбы зерневых культур. Усяго і не пералічыць.

Да працы я і мой брат Віктар прывучаліся з дзяцінства. Брат быў памочнікам бацькі, ад якога пераняў любоў да тэхнікі, якую захаваў і зараз, хаця ўжо дасягнуў пенсійнага ўзросту.

У мяне былі свае абавязкі: дапамагчы маці, назбіраць травы свінням і карове, прапалоць грады, прынесці вады.

Я вельмі ўдзячная бацькам за тое, што яны сваім прыкладам прывучылі нас любіць зямлю, упрыгожваць сваёй працай тую мясціну, дзе жывеш.

Наша Святазер’е з вясны да восені патанала ў зеляніне дрэў, садоў, кустоў бэзу і чаромхі. Недалёка ад вёскі былі лясы, адкуль прыносілі грыбы і ягады, арэхі.

Дзяцей у вёсцы было няшмат, але мы вельмі сябравалі. Мы не мелі камп’ютараў, планшэтаў, тэлефонаў. Затое ў нас было раздолле для гульняў зімой і летам, копань, дзе з задавальненнем купаліся і лавілі карасёў улетку. А недалёка ад вёскі былі цудоўныя сунічныя мясціны. На жаль, з кожным годам колькасць маленькіх вёсак, як Святазер’е, змяншаецца. Старыя людзі паміраюць, моладзь імкнецца ў гарады. Добра, калі наведаюць родныя мясціны на Радаўніцу.

У вёсках стаіць шмат хат з забітымі вокнамі, вакол іх расце пустазелле. Хочацца звярнуцца да нашчадкаў, каб яны вярнуліся да сваіх вытокаў, навялі парадак каля хат, добраўпарадкавалі двары і сады, падправілі пабудовы, калі дазваляюць умовы, пасадзілі кветкі. І прывезці ў вёску свайго маленства дзяцей і ўнукаў, каб яны ўбачылі прыгажосць родных мясцін.

Галіна ДАМАРАЦКАЯ,
аг. Мушына.


Спадабалася? Можаце прачытаць яшчэ адзін ліст, прысвечаны малой радзіме

http://mstlife.by/stranichki-moego-shkolnogo-detstva/