Успаміны не з лёгкіх. Сяргей Астапенка — адзін з удзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС

6
Поделиться:

Кожны год гэтымі веснавымі днямі памяць вяртае нашага земляка Сяргея Астапенку ў красавік 1986 года. Успаміны не з лёгкіх, і мужчына не вельмі любіць гаварыць пра падзеі, звязаныя з чарнобыльскай трагедыяй.

Успаміны не з лёгкіх. Сяргей Астапенка — адзін з удзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС

▪ Сяргей Астапенка — адзін з удзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС. Фота Валянціны Краўцовай.

Сяргей Фёдаравіч — карэнны мсціслаўчанін. Закончыў сярэднюю школу №1, затым атрымаў спецыяльнасць інжынера-механіка ў Магілёўскім машынабудаўнічым інстытуце. Па размеркаванні трапіў у Хойнікі, што на поўдні Гомельшчыны. Да гэтага часу ён ужо быў жанаты, а там прадастаўлялі кватэру. Працаваў лінейным інжынерам па асфальтаўкладцы ў дарожна-будаўнічай арганізацыі. Тут займаліся будаўніцтвам і рамонтам дарог не толькі ў Хойніцкім раёне, але і абслугоўвалі яшчэ Брагінскі раён, Камарын. Якраз усе тыя мясціны, якія потым накрыла жудасным крылом чорная бяда…

— Праз Прыпяць бачна была Чарнобыльская АЭС, пра небяспеку ніхто не думаў. Усе нармальна ўспрымалі мірны атам, разумелі, што за ім — будучыня, — разважае Сяргей Фёдаравіч. — Шчаслівы быў час. Мы былі маладыя, дужыя, сябравалі сем’ямі, расцілі дзяцей. У 1986 годзе ў сям’і Астапенкаў было ўжо двое сыноў. На першамайскія святы паехалі ў госці да бацькоў у Мсціслаў. Вяртанне ў Хойнікі было сумным: вестка пра страшную тэхнагенную аварыю абляцела ўжо ўвесь свет.

Жонку з малымі Сяргей Астапенка адправіў да цешчы на Аршаншчыну, а сам застаўся працаваць.

— Для тых, каго прысылалі па лініі розных міністэрстваў на ліквідацыю наступстваў аварыі, было наладжана асаблівае абслугоўванне. Іх правяралі медыкі, кантралявалі ўзровень радыяцыі, для іх было арганізавана харчаванне. Мы, мясцовыя, выконвалі свае службовыя абавязкі як заўжды, проста працавалі, нібы нічога не здарылася, — распавядае ўдзельнік тых далёкіх і незабыўных падзей.

Да лістапада заставаўся Сяргей Фёдаравіч у 10-кіламетровай зоне. Працавалі сумесна з ваеннаслужачымі з Сяміпалацінска, якія мелі вопыт работы ў зоне павышанай радыяцыі. Здымалі верхні слой глебы, праводзілі дэзактывацыю, а дарожныя службы ўкладвалі асфальт.

Пра вяртанне сям’і ў Петрыкаў не было і размовы. Вырашылі паехаць да знаёмых у Ленінградскую вобласць у горад Падпарожжа. Але праз некаторы час вярнуліся назад у Беларусь. Месцам жыхарства выбралі Мсціслаў.

— У мяне нават пасведчання ліквідатара не было, — гаворыць мой субяседнік. — Ужо вярнуўшыся з Расіі, сустрэў былога калегу, які мне і параіў звярнуцца па дакумент…

Амаль 30 гадоў працуе Сяргей Фёдаравіч у РУП «Магілёўаўтадор» ДЭУ-79 галоўным механікам. Ён нясе адказнасць за рамонт, тэхнічны стан і эксплуатацыю машын і механізмаў, прычапного і навяснога абсталявання.

Выраслі сыны. Старэйшы Дзяніс жыве з сям’ёю ў Мінску, малодшы Максім застаўся на малой радзіме, працуе на АЗС. Сяргей Астапенка — шчаслівы дзядуля, клапатлівы муж. У вольны час ён любіць пасядзець з вудаю на рацэ, паназіраць за спакойнаю плынню вады, успомніць мінулае…

Валянціна КРАЎЦОВА.