У Мсціслаўскім раёне ўбрана каля 900 гектараў рапсу

10
Поделиться:

Надвор’е ліпеня не вельмі спрыяе палявым работам. Але працаўнікі сельскай гаспадаркі імкнуцца выкарыстоўваць кожную пагодлівую хвіліну, прыдатную для жніва. Па аператыўных дадзеных упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама  ў раёне ўбрана каля 900 гектараў рапсу, што складае 19 працэнтаў ад засеяных плошчаў.

На рапсавы палетак непадалёку ад Рожава выйшлі збожжаўборачныя камбайны адкрытага акцыянернага таварыства «СГЦ «Віхра». У гаспадарцы пасевы гэтай культуры складаюць 500 гектараў. Пры добрым надвор’і і бездакорнай рабоце тэхнікі, улічваючы, што на поле кожны дзень могуць выйсці 6 камбайнаў, — на тыдзень уборкі.

Так прыкідваюць, робячы няхітрыя падлікі камбайнеры, якія спынілі тэхніку на ўскрайку поля, чакаючы, пакуль абветрыцца рапс.

У Мсціслаўскім раёне ўбрана каля 900 гектараў рапсу

▪ Старшыя камбайнеры Віктар Казінскі і Андрэй Самулёў згодны: «Рапс паспеў і гатовы да малацьбы». Фота Валянціны Краўцовай

— На гэтым участку пасевы чыстыя, дагледжаныя, касіць іх — адно задавальненне, — кажа вопытны камбайнер Віктар Казінскі. — Працаваць мы ўмеем, палівам забяспечаны, тэхніку рыхтавалі якасна, усведамляючы, што падчас жніва дарагая кожная хвіліна. Будзем спадзявацца, што надвор’е ўсталюецца добрае і са жнівом справімся своечасова.

Яшчэ некалькі хвілін і камбайн ACROS-530 Віктара Віктаравіча, разам з якім у экіпажы працуе Сяргей Рыбакоў, павольна паплыў па полі. Услед за ім КЗС-10 упэўнена павёў сямейны экіпаж Андрэя і Яўгена Самулёвых.

Распачаўшы жніво, у сельгаспрадпрыемстве не спынілі работы па нарыхтоўцы кармоў. Тут працягваецца закладка сенажу з траў другога ўкосу, якога да задання яшчэ неабходна каля трох тысяч тон.

Валянціна КРАЎЦОВА.