logo
vk odnoklassniki youtube instagram twitter facebook
booked.net
Обратиться в редакцию

«СК» у новым тысячагоддзі

[simple-author-box]

Наша падарожжа па старонках «Святло Кастрычніка» заканчваецца. Вас чакае агляд таго, што адбывалася ў раёне з 2003 года і да сённяшняга часу. Для сучаснай гісторыі гэта быў вельмі напружаны перыяд, падчас якога ўсталявалася тэндэнцыя пераходу да панавання інфармацыйных тэхналогій у грамадстве. У жыццё кожнага чалавека ўвайшлі камп’ютары і «разумныя» гаджэты. Увесь свет змяніўся, а разам з ім змянілася Беларусь і Мсціслаўшчына.

Пасля таго як горад прыняў свята беларускага пісьменства, на яго культурную спадчыну зноў звярнулі ўвагу шматлікія даследчыкі.

Значную ролю ў гэтым адыграла з’яўленне Спаса Нерукатворнага, які праявіўся ў будынку школы на тэрыторыі Пустынскага Свята-Успенскага манастыра. Менавіта там пачалася маштабная праца па аднаўленні, якая працягваецца дагэтуль.

Акрамя гэтага, у 2007 годзе непадалёку ад Разанцаў прайшлі археалагічныя даследаванні на курганным могільніку, дзе былі вынайдзены старыя каштоўнасці, якія дазволілі сцвярджаць тое, што вёска Старыя Разанцы ўзнікла амаль тысячу гадоў таму.

У 2002 годзе Мсціслаў прыняў у сябе першы фестываль камернай музыкі імя Мікалая Чуркіна. Першы з іх стаў своеасаблівым вынікам навуковай канферэнцыі, дзе сабраліся ўсе даследчыкі творчасці вялікага беларускага кампазітара, а пасля традыцыю было вырашана прадоўжыць. Праз некалькі год фестываль стаў праводзіцца ў межах святкавання Дня горада.

У 2007 годзе Ходасы адсвяткавалі 400-гадовы юбілей, з’явіўся фізкультурна-аздараўляльны комплекс з басейнам. Таксама ў гэты год упершыню адбылося мерапрыемства, якое ўжо паспела стаць візітнай карткай горада — свята сярэдневяковай культуры, якое тады назвалі «Мсціслаўскі фэст».

Зразумела, што самы першы рыцарскі фэст быў больш сціплы па маштабе, але ўжо былі закладзены яго асновы.

2010 год падарыў Мсціславу новы прыгожы мікрараён Паўднёва-Заходні, таксама адкрылася мемарыяльная дошка родапачынальніку мсціслаўскіх князёў Сямёну Лугвенію на Замкавай гары. Над царквой у гонар Тупічэўскай іконы Божай Маці ўстанавілі залатыя купалы, а ў Ходасах поўнасцю адрамантавалі залу чакання для пасажыраў, якая зараз сустракае ўсіх, хто прыязджае на Мсціслаўшчыну па чыгунцы.

2011 год запомніўся на Мсціслаўшчыне тым, што каля горада з’явілася лыжная база «Сямігор’е», якая адразу стала любімым месцам адпачынку жыхароў раёна і гасцей са Смаленшчыны.

У 2014 годзе адбылося асвячэнне адноўленай капліцы Тупічэўскага манастыра, якая знаходзіцца на тэрыторыі масласырзавода, а таксама крыніцы «Кагальны калодзеж», побач з якой таксама з’явіліся капліца і купель.

Але найбольш насычаным стаў 2016 год. Паспрыяла гэтаму абласное свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі», якое прайшло ў Мсціславе.

Горад значна папрыгажэў. У цэнтры з’явілася плошча Пятра Мсціслаўца з каланадай, Палац шлюбу, пешаходная вуліца Пірагоўская, на якой размясціліся каменныя скульптуры. Аздабленнем райцэнтра стаў парк Міру з фантанам і ратондай, а таксама адноўленая Траецкая царква. Замкавая гара і дзядзінец старажытнага Мсціслава прыняў сваё першапачатковае аблічча з абараняльным сценамі, брамай і башняй-данжонам, унутры якой размясціўся музей.

Газета за гэтыя гады шмат эксперыментавала як са знешнім выглядам, так і са сваім напаўненнем. Некалькі разоў змяняўся лагатып, а з 2006 года сталі выходзіць двухкаляровыя і поўнакаляровыя нумары. Апошні раз вялікія пераўтварэнні прайшлі ў «СК» адначасова з пераўтварэннямі ў самім Мсціславе. Менавіта тады газета набыла сучасны выгляд, а яе галоўным рэдактарам стаў Міхаіл Букініч.

Вось і скончылася наша падарожжа ў часе па стагоддзі гісторыі газеты «Святло Кастрычніка» і Мсціслаўшчыны. Аднак не трэба сумаваць, бо самае цікавае толькі наперадзе. Разам з вамі мы можам складаць новую гісторыю, якая будзе не менш займальнай!

alt alt alt
Фотогалерея