logo
vk odnoklassniki youtube instagram twitter facebook
booked.net
Обратиться в редакцию

«СК» у 1994-1997 гадах: тэатр, машына на штыры і «Тутэйшыя»

Адпраўляемся ў падарожжа ў часе па старонках «Святло Кастрычніка», і сёння нам дапамогуць нумары за 1994-1997 гады. Тады ў свеце адбывалася шмат чаго цікавага: адкрыўся тунэль пад пралівам Ла-Манш, які звязаў дарогай Францыю і Англію, распрацоўваліся стандарты Сусветнай павуціны, што дазволіла стварыць інтэрнэт такім, якім мы яго ведаем. А яшчэ свет убачыў анімацыйны серыял «Пакемоны».

Для Беларусі гэта быў час, які вызначыў далейшы лёс краіны. Адбыліся першыя прэзідэнцкія выбары, рэферэндум па ўнясенні паправак у Канстытуцыю і ўтвораны саюз паміж Беларуссю і Расіяй.

У краіне адбываецца вяртанне рэлігійных святаў. У газеце нават друкуюцца календары гэтых святаў, прычым, не толькі праваслаўных, але і каталіцкіх, іудзейскіх, нават стараверскіх. Вядзецца праца па адраджэнні народных традыцый. У жыццё беларусаў вяртаюцца Каляды, Масленіца, Гуканне вясны, Дажынкі і памінальныя дні. Таксама ў краіне з’явіліся і новыя святы: Дзень беларускага пісьменства і друку, Міжнародны дзень абароны дзяцей, Дзень маці.

Мсціслаўскі гісторыка-археалагічны музей пераехаў на звыклае нам месца жыхарства — у будынак па вуліцы Калініна, які раней належаў пошце. Адкрыццё новага музея прайшло вельмі ўрачыста, на ім прысутнічала шмат навукоўцаў і мсціслаўцаў, якія захапляліся гісторыяй горада. Дарэчы, аматары гісторыі на дабрачынных умовах сталі папаўняць фонд музея сваімі знаходкамі. Неўзабаве адкрылася і мемарыяльная дошка на доме-музеі Максіма Гарэцкага ў Малой Багацькаўцы.

Таксама ў гэты час адбылося асвячэнне Слабадской царквы, а кармеліцкаму касцёлу вярнулі драўляную скульптуру распятага Хрыста XII стагоддзя.

На скрыжаванні дарог ля Кургана Славы з’явіўся і новы «помнік». Супрацоўнікі аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі размясцілі абгарэлы і памяты кузаў аўтамабіля на двухметровым штыры. Машына раней належала жыхару горада. Яна павінна напамінаць вадзіцелям пра тое, што на дарозе трэба быць больш уважлівымі.

У 1996 годзе ў Беларусі адбыўся міжнародны пленэр, прысвечаны Вітольду Бялыніцкаму-Бірулю, які праводзіўся ў розных жывапісных мясцінах краіны, а Мсціслаўшчына была адной з гэтых мясцін. Так у наш край завіталі мастакі з Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Славеніі, Германіі і Францыі, якія напісалі шмат прыгожых карцін з пейзажамі Мсціслаўшчыны.

Гэты перыяд быў вельмі багатым на культурныя падзеі.

На базе раённага Дома культуры быў створаны самадзейны драматычны тэатр. Першай яго пастаноўкай стала п’еса Янкі Купалы «Прымакі». Выступленні самадзейнага тэатра карысталіся вялікім поспехам. Артыстаў добра прымалі не толькі на гарадской сцэне, але і ў раёне. А тым часам у Сапрынавічах праходзілі здымкі кінаадаптацыі п’есы Янкі Купалы «Тутэйшыя». Рэжысёрам фільма быў наш
зямляк Валерый Панамароў, а прэм’ера стужкі адбылася ў 1996 годзе.

Шмат увагі прыцягнула да сябе буравая ўстаноўка для здабычы фасфарытаў, якая з’явілася ў раёне ў той час. Таксама ў горадзе ўзводзяцца новыя кварталы шматкватэрных дамоў, а на паўднёвай ускраіне Мсціслава была забудавана новая вуліца, якую назвалі ў гонар Ю. Таўбіна.

У газеце стала друкавацца ўсё больш матэрыялаў на рускай мове. Вярстаць «СК» пачалі на камп’ютары, таму газета зноў змяніла сваё афармленне. Шмат матэрыялаў было прысвечана жыццю перасяленцаў, іх адаптацыі і праблемам, з якімі сустрэліся новыя жыхары Мсціслаўшчыны.

alt alt alt
Фотогалерея