logo
vk odnoklassniki youtube instagram twitter facebook
booked.net
Обратиться в редакцию

«СК» у 1986-1989 гадах: перабудова і новы помнік


Запраўляем бак машыны часу «СК» і вяртаемся ў падарожжа. На табло — 1986-1989 гады. У гэты час адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, ў СССР пачалася «перабудова», якая распачала вялікія рэформы ў грамадскай, эканамічнай і палітычнай сферах. Яшчэ ў гэты час выйшла першая версія пакета праграм «Microsoft Office», а па савецкім тэлебачанні ўпершыню пачалася трансляцыя латынаамерыканскага серыяла, якім стаў фільм «Рабыня Ізаўра».

У гэты час газета пачынае друкаваць віншаванні, з’явілася знаёмая сённяшнім чытачам рубрыка «Педагог», а праграма тэлебачання цяпер займала цэлую старонку суботняй газеты. А ў 1986 годзе рэдакцыя «СК» устанавіла прэмію імя Рыгора Вашчыленкі. Адным з першых яе лаўрэатаў стаў мовазнавец Георгій Юрчанка, у далейшым прэмію давалі лепшым пазаштатным карэспандэнтам і паштальёнам.

Культурнае адраджэнне Мсціслава працягваецца. Усё больш даследчыкаў пачынае цікавіцца гісторыяй горада, друкуюцца матэрыялы, прысвечаныя гэтай тэме і славутым людзям, якія працавалі тут. Далей публікуецца цыкл тэкстаў, прысвечаных 850-годдзю Мсціслава: гістарычны нарыс «Мсціслаўскія маладнякоўцы» Мікалая Войценкава, вершы, кніга Алега Ждана «Адзін з іх».

Зімой 1987 года адбылося ўрачыстае свята, прысвечанае юбілейнай даце з дня заснавання горада. Гасцям мерапрыемства надоўга запомніліся тэатралізаваныя прадстаўленні, якія расказалі пра мсціслаўскіх рыцараў і славутую гісторыю нашай зямлі. Народныя гулянні працягваліся ўвесь дзень і сабралі жыхароў не толькі нашага раёна, але і суседніх.

Падчас археалагічных раскопак у розных частках горада былі знойдзены баявыя сякеры XVI стагоддзя, раней невядомы від рэльефнай кафлі і залаты нідэрландскі дукат 1652 года.

Царква Аляксандра Неўскага перайшла да вернікаў Мсціслаўшчыны, а настаяцелем стаў айцец Тарасій. Пачалася рэстаўрацыя архітэктурнага помніка. Храм аднаўлялі ўсім раёнам пад кіраўніцтвам будаўнічай брыгады з Закарпацця. Дарэчы, пад будынкам падчас сумеснай археалагічнай экспедыцыі гістфака БДУ і Гродненскага дзяржуніверсітэта знайшлі шмат цікавых рэчаў: манеты, прадметы хатняй гаспадаркі і палавіну шклянога бранзалета XII-XIII стагоддзя. Знаходкі пацвердзілі здагадкі пра тое, што на тэрыторыі храма раней знаходзіўся бернардзінскі касцёл.

Бывала, што цікавыя артэфакты знаходзіліся часам і самі сабой. Напрыклад, у 1986 годзе павучэнец ПТВ-92 Аляксандр Парфянкоў заўважыў на дарозе, размытай дажджом, незвычайнай формы камень. Высветлілася, што гэта быў не проста камень, а каменны тапор, якому больш за дзве тысячы гадоў. Артэфакт быў накіраваны на экспертызу, а далей адправіўся на паліцу музея.

Таксама ў гэты перыяд у горадзе з’явіўся будынак райвыканкама, пад’езд да Кагальнага калодзежа, а ў чытальныя залы новай раённай бібліятэкі зайшлі першыя наведвальнікі. Закончылася будаўніцтва пасёлка імя Кірава, а ў Курманава з’явіўся новы мікрараён з дзесяці двухкватэрных дамоў і новае аддзяленне сувязі. Тым часам, на тэрыторыі хлебазавода адкрыўся магазін «Гарачы хлеб», які адразу заваяваў прызнанне ў жыхароў горада. Таксама напрыканцы верасня 1988 года ў горадзе ўрачыста адкрыўся помнік першадрукару Пятру Мсціслаўцу, які знаходзіцца каля касцёла іезуітаў.

Самым папулярным месцам ў горадзе было кафэ «Казка», якое размяшчалася ў будынку камбіната грамадскага харчавання. Сцены памяшкання былі размаляваны персанажамі казачных герояў, а самое кафэ радавала наведвальнікаў цукеркамі, кексамі, кактэйлямі і фруктовымі сокамі.


Вам может быть интересно
alt alt alt
Фотогалерея

 



Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: