logo
vk odnoklassniki youtube instagram twitter facebook
booked.net
Обратиться в редакцию

«СК» у 1974-1977 гадах: тэлебачанне і газета на Паўночным полюсе

Пачалося будаўніцтва БАМа, адбылася першая стыкоўка касмічных караблёў з розных краін «Саюз» і «Апалон», а легендарная група ABBA перамагла на конкурсе «Еўрабачанне». Таксама была створана інтэлектуальная гульня «Што? Дзе? Калі?» і выпушчаны мікрапрацэсарны камп’ютар.

У гэты час на старонках раёнкі стала яшчэ больш інфармацыі пра розныя краіны СССР і ўсяго свету, чым было раней. Гэта было абумоўлена тым, што выданню трэба было канкурыраваць з тэлебачаннем, якое кожны год станавілася ўсё больш даступным і папулярным.

Школы Мсціслаўшчыны перайшлі на кабінетную сістэму навучання. Гэта значыць, што ва ўстановах адукацыі былі створаны ўжо звыклыя нам спецыяльна абсталяваныя кабінеты хіміі, фізікі, біялогіі, чарчэння і іншых прадметаў. А з 1976 года навучэнцы ПТВ сталі атрымліваць атэстаты аб сярэдняй адукацыі разам з увя-дзеннем у іх праграму агульнаадукацыйных дысцыплін. У тым жа годзе ў вёсцы Сялец адкрылася новая школа на 392 месцы.

У 1974 годзе быў створаны швейны цэх у райпрамкамбінаце. У раёне карысталіся папулярнасцю іх парцьеры, рукавіцы і коўдры. Таксама той час стаў пачаткам моды на футравыя галаўныя ўборы. Вялікай папулярнасцю яны карысталіся сярод мсціслаўскіх мужчын. Таму на камбінаце бытавога абслугоўвання ўзмоцненымі тэмпамі пашылі некалькі тысяч футравых шапак. Для гэтага быў адкрыты яшчэ адзін цэх.

Тым часам у Мсціслаўскага льнозавода з’явіўся новы вытворчы корпус, дзе змяшчаўся цэх прамысловага прыгатавання льнотрасты. Дзякуючы гэтаму значна палепшыліся ўмовы працы і якасць прадукцыі. Таксама было ўстаноўлена новае абсталяванне. Работнікі нават жартавалі, што гэта не проста новы корпус, а адразу новы завод.

Гэты перыяд быў багатым у культурным плане. У 1975 годзе ў в. Падлужжа адкрылася музычная школа. Ужо праз два гады там можна было навучыцца іграць на фартэпіяна, гітары, баяне, домры і балалайцы, а таксама на духавых інструментах. А вось у цэнтры вёскі Сялец быў пабудаваны калгасны Дом культуры з гля-дзельнай залай, сцэнай і вялікай колькасцю пакояў для работы гурткоў мастацкай самадзейнасці.

Пры Мазалаўскім сельскім Доме культуры быў створаны ансамбль народных інструментаў, які назвалі «Навасёлы», таму што большасць выканаўцаў былі з вёскі Новае Сяло. З часам калектыў стаў жаданым госцем у раёне, а таксама атрымаў званне лаўрэата другога тура ўсесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці і нават выступіў па тэлебачанні.

У 1976 годзе ў Мсціславе праходзілі здымкі тэлефільма пра нашага знакамітага земляка Мікалая Чуркіна. Мсціслаўцы маглі ўбачыць яго на першай праграме беларускага тэлебачання.

Дарэчы, пачала рэгулярна выходзіць рубрыка «На блакітных экранах». Цяпер з кожнага нумара можна было даведацца, што будуць трансліраваць па першай і трэцяй праграмах. Між іншым, у рубрыцы «З добрым вечарам суботнім» быў надрукаваны цікавы фота-здымак — палярнік у футравай шапцы трымае нумар нашай газеты. Высветлілася, што гэта хірург станцыі «Паўночны полюс-22», які дагэтуль жыў у Беларусі. На станцыю да іх час ад часу прывозяць друкаваныя выданні, і «СК» аказалася адным з іх.

alt alt alt
Фотогалерея