logo
vk odnoklassniki youtube instagram twitter facebook
booked.net
Обратиться в редакцию

«СК» у 1970-1971 гадах: бабры, гастролі і «нашы ў тэлевізары»

Мы вяртаемся да падарожжа ў часе разам з нумарамі «Святло Кастрычніка». Сёння ў нашых «ілюмінатарах» 1970-1971 гады. Гэты час запомніўся тым, што тады ў СССР адбыўся першы розыгрыш «Спортлото», а Аляксандр Салжаніцын стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры. 1971 год быў адзначаны ААН як год барацьбы з расізмам і расавай дыскрымінацыяй. На міжпланетную арбіту выведзены першы штучны спадарожнік Марса. Таксама ў 1971 годзе быў адкрыты мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» і першы «Дыснейлэнд».

Экскурсія ў школьным музеі У. І. Леніна

У 1970 годзе Мсціслаўскі раён разам з усёй вялікай краінай святкаваў стагоддзе з дня нараджэння У.І. Леніна. У кожным нумары газеты — здымкі «правадыра», дакументалістыка. А ў красавіку былі надрукаваны аж два тэматычныя нумары. Акрамя гэтага, у газеце шмат увагі надавалася пытанням механізацыі вытворчасці і ідэалагічнай адукацыі.

Створаны пазаштатны аддзел аматараў фаўны і флоры пры рэдакцыі раённай газеты. Разам з гэтым у «СК» з’явілася старонка «Фаўна і флора». З гэтай старонкі можна даведацца, што ў той год у раёне значна павялічылася папуляцыя баброў. Яны актыўна будуюць
хаткі-плаціны на Віхры і Сажы, а таксама на Аслянцы, Чорнай і Белай Натапе.

Таксама зноў з’явілася новая тэматычныя старонка для моладзі, якую ў гэты раз назвалі «Юнацтва». Кожны раз старонка прысвячалася пэўнай тэме: ідэалогіі, прафарыентацыі, адукацыі, здароваму ладу жыцця.

Шмат чаго было пабудавана ў гэты час. Здадзены Мсціслаўскі ільнозавод. Яго першым ударнікам стала сушыльшчыца трасты Надзея Цыкунова. Пры Ходасаўскай і Доўгавіцкай сярэдніх школах адкрыты інтэрнаты для навучэнцаў, якія пражываюць у аддаленых вёсках.
Будаўніцтва Дома культуры ў Падлужжы. Дзесяцігадовы юбілей адзначыла Мсціслаўская школа-інтэрнат для дзяцей-сірот. У Мушыне пабудавана новая сярэдняя школа.

У кінатэатры «Мір» адбыўся канцэрт Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Асабліва мсціслаўцам спадабалася выступленне заслужанага артыста БССР Мікалая Шышкіна. У 1971 годзе калектыў Белдзяржфілармоніі завітаў на Мсціслаўшчыну зноў. На гэты раз артысты
правялі канцэрты не толькі ў райцэнтры, але і ў Мазалаве, Сапрынавічах, Аслянцы і Парадзіне. Таксама адбыліся гастролі Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. П’есу Аркадзя Маўзона «Усяго адно жыццё» пабачылі навучэнцы ГПТВ №92, будаўнікі, жыхары райцэнтра, рабочыя Конезавода-120 і працаўнікі некалькіх калгасаў.

У жніўні 1970 года на танцавальнай пляцоўцы гарадскога парка ўпершыню адбылася выстава аматараў-кветкаводаў, якая потым сталі праводзіцца штогод. На выставе былі прадстаўлены гладыёлусы, вяргіні, ружы і іншыя кветкі. Расліны ацэньвала спецыяльнае журы.
Першую грашовую прэмію атрымала жыхарка Мсціслава Антаніна Емяльянава.

Кінатэатр «Мір» у 1971 годзе

Шмат цікавых навін можна прачытаць пра вёску Усполле.

Там быў пабудаваны новы магазін, які мясцовыя жыхары жартоўна называюць універмагам. Таксама ў гэтай вёсцы 9 мая 1971 года адкрыты помнік загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны землякам. Першую ганаровую варту на ім неслі ветэраны вайны і піянеры. А яшчэ жаночы вакальны ансамбль з Усполля прыняў удзел у канцэрце-конкурсе мастацкай самадзейнасці Магілёўскай вобласці, якое было прысвечана 50-годдзю ўтварэння СССР. Гэты канцэрт трансліравалі па тэлебачанні. За выкананне песні «Пасеялі дзеўкі лён» прадстаўніцы Мсціслаўшчыны атрымалі высокую адзнаку журы.

alt alt alt
Фотогалерея