«СК» у 1966-1967 гадах: кінатэатры, аўтавакзал і бытавое абслугоўванне

Поделиться:

«СК» у 1966-1967 гадах: кінатэатры, аўтавакзал і бытавое абслугоўванне

Зноў вяртаемся з вамі да падарожжа ў часе разам са старымі нумарамі «Святло Кастрычніка». Сёння мы адпраўляемся ў 1966 і 1967 гады. У гэты час адкрыўся Брэсцкі політэхнічны ўніверсітэт, а ў СССР быў уведзены звычайны для нас пяцідзённы працоўны тыдзень. У Лондане быў усталяваны першы банкамат, упершыню стаў вядомым шырокай аўдыторыі тэрмін «чорныя дыры». Таксама адбылася прэм’ера ўсім вядомага кінафільма «Кавказская пленница, или Новые приключения Шурика».

Гэтыя два гады на Мсціслаўшчыне таксама былі насычанымі цікавымі падзеямі. Галоўнай тэмай для абмеркавання на старонках газеты стала пытанне бытавога абслугоўвання насельніцтва. З’явілася спецыяльная старонка «Заўвагі і прапановы нашых чытачоў па бытавому абслугоўванню насельніцтва», таму што ў рэдакцыю прыходзіла шмат лістоў па тэме. Пасля гэтага пачала існаваць спецыяльная рубрыка «Аб тых, хто нас абслугоўвае». Там можна прачытаць пра выдатнікаў сферы, а таксама даведацца пра новыя паслугі, якія сталі даступнымі ў той ці іншай вёсцы.

«СК» у 1966-1967 гадах: кінатэатры, аўтавакзал і бытавое абслугоўванне
Будынак новага аўтавакзала

Электрычнасць і радыё сталі з’яўляцца ў многіх вясковых дамах. Адбылася электрыфікацыя вёскі Мішні, і людзі сталі набываць радыёпрыёмнікі і тэлевізары.

У 1967 годзе раён разам з усёй краінай святкаваў 50-годдзе Савецкай улады. Увесь гэты год праводзіліся тэматычныя мерапрыемствы. Напрыклад, у школеінтэрнаце адкрыўся музей Леніна. Яго дырэктарам стала дзесяцікласніца Валя Юрлова.

Нашы знаёмыя па старому агляду газет, Хадасоўскі духавы аркестр, закупіліся новымі інструментамі і сталі вядомым калектывам у раёне. На канцэртах іграла ўжо 23 інструменты.

У Мсціславе ў 1966 і 1967 гадах былі ўзведзены значныя і пазнаваемыя будынкі, без якіх цяпер цяжка ўявіць наш горад. Гэта будынак камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва, аўтавакзал, будынак райкама партыі. Таксама распачата будаўніцтва раённага Дома культуры. Працягласць брукаваных вуліц павялічылася на 1,5 кіламетра, водаправода — на 5 км. Таксама ў тыя гады адчыніла дзверы сярэдняя школа №3. Неўзабаве там з’явіўся ўласны кінатэатр «Спадарожнік». Кінамеханікамі і касірамі ў ім сталі працаваць самі вучні.

Пабудаваны шэраг клубаў у Падлужжы, Мазалаве, Капачах. Жыхары раёна вельмі захапляліся кінамастацтвам, і паўсюль адкрываліся мясцовыя кінатэатры.

«СК» у 1966-1967 гадах: кінатэатры, аўтавакзал і бытавое абслугоўванне
Члены кінаклуба ў СШ №3 (зараз гімназія)

У газеце для аматараў кіно друкаваліся анонсы новых фільмаў, якія будуць паказваць у раёне, анатацыі і нават кароткі змест.

У выдавецтве «Навука і тэхніка» выйшаў у друк «Дыялектны слоўнік» (з гаворак Мсціслаўшчыны)» выбітнага беларускага мовазнаўцы Георгія Юрчанкі, ураджэнца вёскі Кудрычы.

У газеце з’явілася новая старонка «На паэтычнай арбіце», дзе друкаваліся маладыя аўтары. Пасля гэтага пры райкаме камсамола быў створаны літаратурны клуб «Паэтычны гарызонт».

Вучням прафесійна-тэхнічнага вучылішча №22 не было дзе займацца фізкультурай. Тады навучэнцы вырашылі самі пабудаваць спартыўную залу на вуліцы Савецкай. А з Мсціслаўскага гарадскога ПТВ №92 выйшлі першыя выпускнікі з прафесіяй гадзіншчыкаў.

У вёсцы Падлужжа з’явіўся добраўпарадкаваны парк. А на тэрыторыі чыгуначнай станцыі Ходасы вучні мясцовай школы разбілі сквер, які дагэтуль цешыць вока тых, хто падарожнічае ў цягніках.

«СК» у 1966-1967 гадах: кінатэатры, аўтавакзал і бытавое абслугоўванне