logo
vk odnoklassniki youtube instagram twitter facebook
booked.net
Обратиться в редакцию

«СК» у 1964 годзе: хімія, карыкатуры, гарадское жыццё

Сёння мы ў 1964 годзе. Леанід Брэжнеў змяняе Мікіту Хрушчова на пасадзе першага сакратара ЦК КПСС, у ЗША разгарнулася барацьба з расавай дыскрымінацыяй. Савецкія вучоныя атрымліваюць Нобелеўскую прэмію па фізіцы за працу па квантавай электроніцы. Выходзіць на экраны найбольш паспяховы фільм пра агента 007. У Рэчыцкім раёне знойдзена першае прамысловае радовішча нафты, што паклала пачатак развіццю нафтаздабыўчай прамысловасці ў Беларусі.

Маладажоны Сяргей і Алена Дзмітрачэнкі на вуліцы Маладажонаў у Падлужжы

Як і ў мінулы год, дамінуючай тэмай публікацый з’яўляецца сельская гаспадарка. Акцэнт зробленына ўкараненні дасягненняў хіміі. У той час само слова «хімія» не мела таго негатыўнага значэння, што цяпер, таму што такая тэхналогія дазваляла атрымліваць больш ураджаю і прадукцыі і з’яўлялася прагрэсіўным веяннем.

Адбыўся семінар вучоных сельскагаспадарчай акадэміі на базе калгаса імя Чапаева. Кожную ферму пераўтварылі ў фабрыку ўгнаенняў.

У вёсцы Сялец упершыню сабралі ўраджай цукровых буракоў.

 У Ходасах манціруецца трэцяя ў раёне аўтаматычная тэлефонная станцыя.

За гэты год былі пабудаваны два дамы па вуліцы Пралетарскай. Пра здачу аднаго з іх мы даведваемся з рубрыкі «Старонка гарадскога жыцця»: «Хутка справіць наваселле і восем сем’яў у двухпавярховым доме, які ўзведзены побач з дзіцячай бібліятэкай. З удзелам грамадскасці за год у горадзе пасаджана 1500 дрэў, 300 дэкаратыўных кустарнікаў». А ў нумары за 13 кастрычніка змешчана інфармацыя, што будуецца ўжо трэці такі дом. Увогуле ўзвядзенне новых будынкаў на Мсціслаўшчыне павялічвае тэмп: «У мінулым годзе ўзведзена 257 новых жылых дамоў і знаходзяцца ў стане будаўніцтва 228 дамоў. Капітальна адрамантавана 499 дамоў. Адрамантавана 91 школа, 11 сельскіх клубаў, пабудавана 68 шахтных калодзежаў, 6 гарадскіх лазняў, 3-е ясляў».

Вучні сёмага класа Мсціслаўскай школы-інтэрната на лабараторным занятку па хіміі

З’яўляецца новая рубрыка «Усесаюзная пераклічка сельскіх клубаў» пра канцэрты, мерапрыемствы, якія арганізуюцца для калгаснікаў. Адтуль мы даведваемся, што пабудаваны клуб у вёсцы Старае Сяло, а ў вёсцы Шамаўшчына ўсталявалі стацыянарную кінаапаратуру,
таму што там было шмат аматараў гэтага мастацтва.

Дар’я Сцепаненка з Ходас, якая нарадзіла 10 дзяцей, указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР атрымала ганаровае званне «Маці-гераіня».

Незвычайнай для Мсціслава здаецца папулярная ў той час «Старонка атэіста». Там змяшчаліся негатыўныя выказванні пра рэлігію, карыкатуры, гісторыі, тэматычныя прымаўкі і навуковыя даследаванні.

alt alt alt
Фотогалерея