logo
vk odnoklassniki youtube instagram twitter facebook
booked.net
Обратиться в редакцию

«СК» у 1963 годзе — будаўніцтва, упрыгожванне і калючы вожык

Сёння мы ў 1963 годзе — першым годзе існавання нашай газеты. Касмічная гонка набірае абароты, і ў космас адпраўляецца першая жанчына Валянціна Церашкова. Легендарныя «The Beatles» выпускаюць дэбютны альбом, адбываецца забойства 35-га прэзідэнта ЗША Джона Кенэдзі, а Марцін Лютэр Кінг вымаўляе прамову, якую потым назавуць шэдэўрам аратарскага майстэрства. З’яўляюцца першы бытавы відэамагнітафон і камп’ютарная мышка.

Большая частка газетных тэкстаў прысвечана Мсціслаўшчыне. Асноўная тэма — сельская гаспадарка і жыццё сялян. Таксама на старонках «СК» можна знайсці інфармацыю пра ўсю Беларусь, СССР і дружалюбныя краіны (Куба, Кітай, В’етнам). Газета выходзіла тры разы на тыдзень — у аўторак, чацвер і суботу на чатырох старонках. Усе тэксты напісаны выключна на беларускай мове.

У нумары за 30 сакавіка можна знайсці самую старую рубрыку ў газеце, якая існуе дагэтуль. Гэта «Нашы інтэрв’ю». Першы тэкст гэтай рубрыкі называецца «Мсціслаў у 1963 годзе». У ім старшыня выканкама гарадскога Савета Аляксей Задарожны расказвае пра тое, што плануецца пабудаваць у горадзе.

«У бягучым годзе для працоўных будзе пабудаван 16-кватэрны жылы дом, 8 дамоў — капітальна адрамантавана.

Летась мы не паспелі пракласці булыжную маставую працягласцю 300 метраў па вуліцы Энгельса. Гэтая работа будзе зроблена сёлета. Апрача таго, закончым пракладку булыжніка па вуліцы Рэспубліканскай, адрамантуем некалькі тратуараў.

Будаўнікі здадуць у эксплуатацыю міжшкольныя тыпавыя майстэрні па вуліцы Першамайскай, пачне працаваць кацельная для паравога ацяплення школы слыху і мовы. Да ўдзелу ў добраўпарадкаванні горада мы прыцягваем дэпутатаў гарсавета і грамадскасць. Вясной і восенню на вуліцах, ля кінатэатра «Мір» і іншых устаноў будзе пасаджана каля 2000 дэкаратыўных дрэў.»

Самая старая тэматычная старонка — «Літаратурная старонка», якая надрукавана ў тым жа нумары. Пазней літаратурную старонку перайменавалі ў «Гарызонт». Газета пастаянна развівалася, з’яўляліся новыя рубрыкі: «пісьмы ў рэдакцыю (нам пішуць, агляд пісем)», «надвор’е», «героі нашых дзён», «з добрым вечарам суботнім», «куток цікаўных», «селькораўскі рэйд».

Вялікую цікавасць выклікае рубрыка «Наш вожык (аддзел сатыры і гумару газеты «Святло Кастрычніка»)», дзе чытачамі і сельскімі карэспандэнтамі падымаліся вострыя пытанні, грамадскія праблемы ў форме сатырычных вершыкаў, фельетонаў і памфлетаў. Таксама друкаваліся трапныя карыкатуры. У газеце можна было знайсці анонсы кінапаказаў у кінатэатры «Мір», а таксама плакаты: плакатыўкладышы з паказчыкамі надояў даярак Мсціслаўшчыны з адзначэннем перадавікоў і старонкі-плакаты з інфармацыяй пра планы і нарматывы.

«Сёлета ў вёсцы Мазалава — цэнтры калгаса — узводзіцца пяць дамоў па тыпавых праектах. Усе яны з блокаў. Размяшчаюць іх па адной вуліцы, адзін ля другога. Яны будуць упрыгожваць вёску Мазалава. Усе гэтыя дамы будуюцца за кошт калгаса. Тут будуць жыць калгаснікі.»

Таксама з газеты мы можам даведацца пра тое, што па ўсім раёне вядуцца работы па электрыфікацыі населеных пунктаў раёна. 11 водаразборных калонак устанавілі ў вёсцы Парадзіна. Пабудавана памяшканне клуба саўгаса «Перамога» (сёняшні аг. Мушына), запланавана будаўніцтва магазіна ў вёсцы Пацкава.

alt alt alt
Фотогалерея