logo
vk odnoklassniki youtube instagram twitter facebook
booked.net
+18
°
C
+20°
+14°
Мстиславль
Пятница, 30
Прогноз на неделю
Обратиться в редакцию

«СК» гістарычны

У лістападзе наступнага года газета «Святло Кастрычніка» адзначыць свой стагадовы юбілей. З гэтай нагоды запрашаем вас у падарожжа ў мінулае па яе старонках, на якіх адбілася гісторыя нашага краю.

Газета, да якой так прызвычаіліся мсціслаўцы, прайшла вельмі доўгі шлях развіцця даўжынёю ў сто гадоў.

Хоць друкарская справа на Мсціслаўшчыне існавала раней за гэтую дату, але раённая газета пачала сваё існаванне ў лістападзе 1918 года.

Звязана гэта з тым, што менавіта тады Магілёўскі губвыканкам у сувязі з ваеннымі падзеямі часова базіраваўся ў Мсціславе. Гэта і дало штуршок з’яўленню новага выдання, першыя нумары якога называліся «Известия Мстиславского уездного исполнительного комитета Совета рабочих, крестьянских, красноармейских депутатов и орган Российской партии коммунистов (большевиков)». За першы год свайго існавання газета змяніла 4 назвы, і з 22 лістапада 1919 года стала называцца «Известия Мстиславского уездисполкома». У 1920-1921 гадах яна выходзіла пад назвай «Думы бедняка», а нумар ад 13 красавіка 1922 года выйшаў пад назвай «Деревенская новь».

«Известия…» па сучасных мерках — невялікая газета, якая выдавалася ўсяго на дзвюх старонках. Рэдактарам яе быў спадар Малахоўскі. Змест адпавядаў часу: асвятляліся праблемы ваеннага часу, голад, бежанцы, публікаваліся франтавыя звесткі і заклікі да дапамогі. Разам з тым на старонках выдання знаходзілася месца для матэрыялаў, прысвечаных культурнаму адраджэнню.

У Мсціславе працаваў аддзел Расійскага Тэлеграфнага Агенцтва, які выдаваў насценныя газеты. Такія выданні змяшчалі ў сабе інфармацыю пра самыя важныя падзеі з жыцця рэгіёна, краіны і свету. Друкавалася газета на адной старонцы абгортачнай паперы на рускай мове і прызначалася для расклейвання ў людных месцах.

3 23 чэрвеня 1938 года ў раёнкі зноў з’явілася новая назва — «Калгасная газета». Пад гэтай назвай яна выходзіла амаль 30 год — да 26 красавіка 1962 года. Перапыняла яна сваё выданне толькі ў час нямецка-фашысцкай акупацыі, аднак ужо праз дзесяць дзён пасля вызвалення Мсціслава жыхары атрымалі новы нумар газеты. «Калгасная газета» паведамляла чытачам пра найбольш важныя падзеі Беларусі і СССР. Газета была цесна звязана са сваімі чытачамі, мела шырока распаўсюджаную карэспандэнцкую сетку з пазаштатных аўтараў. Лейтматыў тэкстаў — барацьба з “няспынным рухам наперад”: з тымі, хто зрываў тэрміны здачы планаў, хто парушаў нейкія этычныя нормы таго часу і г.д.

Назва «Калгасная газета» была вельмі распаўсюджанай для рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. Выданні з такой назвай выходзілі на Гродзеншчыне, Брэстчыне, Гомельшчыне. Нават сённяшняя «Сельская газета» ў той час мела такую ж назву. Таму зразумела прычына, па якой у 1963 годзе наша газета атрымала новую назву «Святло Кастрычніка».

У наступны раз мы раскажам вам пра тое, якім быў першы нумар «СК».

alt alt alt

Фотогалерея