logo
vk odnoklassniki youtube instagram twitter facebook
booked.net
Обратиться в редакцию

Аляксандр Пятроўскі: «Шмат за што ў жыцці я ўдзячны камсамолу»

[simple-author-box]

Часта, калі ў былых камсамольцаў запытацца пра тое, чым для іх стала гэта арганізацыя, яны адказваюць, што гэта была «школа жыцця». Але што гэта насамрэч азначае? Наконт гэтага разважае Аляксандр Пятроўскі, які з 1968 па 1978 год працаваў у райкаме УЛКСМ.

Аляксандр Мікалаевіч амаль усё жыццё правёў на Мсціслаўшчыне. З самага дзяцінства ён быў чалавекам, які не любіць сядзець на месцы: актыўна ўдзельнічаў у школьных мерапрыемствах, заўсёды цікавіўся ўсім, што адбываецца навокал. Актыўная жыццёвая пазіцыя прывяла хлопца ў камсамол, які стаў для маладога чалавека правадыром у вялікае жыццё.

Працаваць пачаў настаўнікам фізкультуры ў Мазалаўскай школе. Ён і тут прымаў удзел у культурным жыцці школы і камсамольскай арганізацыі калгаса. Так Аляксандр Мікалаевіч стаў інструктарам у камсамоле, а пасля два гады быў загадчыкам аддзела. З 1972 па 1973 год служыў у арміі, а пасля яго запрасілі на пасаду другога сакратара раённага камітэта.

— Гэта быў вельмі цікавы час, насычаны падзеямі, — расказвае Аляксандр Пятроўскі. — Другі сакратар больш займаўся справамі культурнага напрамку. Мы арганізоўвалі розныя мерапрыемствы. Напрыклад, ладзілі сустрэчы з ветэранамі. Тады яны былі маладзейшыя і саміх ветэранаў было больш. Мы дамаўляліся адразу з чатырма-пяццю людзьмі і прывозілі іх у школу, рабілі сход для дзяцей. Людзі, якія прайшлі вайну, расказвалі пра яе малодшаму пакаленню і адказвалі на іх пытанні.

Мерапрыемствы ладзіліся і для старэйшай моладзі: гульні, вечарыны і, зразумела, усялякія конкурсы. Таксама ў камсамоле заўсёды любілі праводзіць ваенна-спартыўныя гульні і турслёты.

— У нашых гульнях і турслётах удзельнічала кожная, нават самая маленькая школа. А ў лыжных спаборніцтвах можна было заўважыць прадстаўнікоў кожнай арганізацыі, — кажа Аляксандр Мікалаевіч.

Але не толькі мерапрыемствамі займаліся камсамольцы тых часоў. Яны шмат працавалі, і ў першую чаргу ў гаспадарках раёна, дзе праводзіліся так званыя камуністычныя суботнікі.

— Памятаю, што раней у далёкія куткі раёна амаль ніякай дарогі нармальнай не было. Дык я ездзіў у камсамольскія арганізацыі на кані, — успамінае былы камсамолец.

— Мы працавалі ў цеснай звязцы з працоўнай моладдзю, ведалі ўсіх перадавікоў і ініцыятыўных спецыялістаў. Кожная іх узнагарода была вельмі значнай для нас, бо мы заўсёды імкнуліся стварыць усе ўмовы для камсамольцаў, якія лідзіруюць у спаборніцтве.

Сярод перадавікоў Аляксандр Мікалаевіч у першую чаргу ўспамінае даяра Антона Мяцёлкіна з калгаса «Чырвоны Кастрычнік», які быў узнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, сакратара камсамольскай арганізацыі калгаса «Чырвоны араты» Зінаіду Семчанку, што атрымала ордэн «Знак Пашаны», і камбайнера калгаса імя Кірава Рыгора Сазанкова, які атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга за тое, што намалаціў 1114 тон зерня на камбайне СК-4.

Таксама раённы камітэт у той час каардынаваў адпраўку ўдзельнікаў камсамольскіх будоўляў.

— Да нас рукамі камсамольцаў былі адноўлены шахты, асвоена цаліна,  — успамінае Аляксандр Пятроўскі. — А вось мы ўжо адпраўлялі маладых на будоўлю знакамітай Байкала-Амурскай магістралі. Зразумела, былі і студатрады, якія накіроўваліся на ўсе буйныя аб’екты краіны.

Сакратары камсамольскай арганізацыі атрымлівалі магчымасць паездзіць па ўсяму Савецкаму Саюзу і нават пабываць за яго межамі.
А вось Аляксандр Мікалаевіч быў абраны дэлегатам XVIII з’езда УЛКСМ, які праводзіўся ў Крамлі.

— Гэта было цікавае мерапрыемства, падчас якога можна было пазнаёміцца з вялікай колькасцю людзей. А мяне нават па тэлебачанні паказалі ў рэпартажы са з’езду. Але гэта было не выпадкова. Побач са мной на пленуме сядзела калега, якая вельмі хацела трапіць у аб’ектыў тэлевізіёншчыкаў. Тады падчас перапынку я падгаварыў аператара адной з камер і сказаў, што ў родным раёне не павераць, што паехаў на з’езд, калі не пакажуць па тэлебачанні. Дык потым нейкі час тая камера толькі нас і здымала! Калега была шчаслівая і ўсё здзіўлялася, — смяецца былы першы сакратар.

У 1978 годзе Аляксандр Мікалаевіч быў накіраваны ў Вышэйшую партыйную школу ў Мінску, а ўжо ў 1979 годзе ён стаў сакратаром райкама партыі, дзе працягнуў актыўную дзейнасць.

— Шмат за што ў жыцці я ўдзячны камсамолу. Асабліва за тое, што ён стаў для мяне школай жыцця. І гэта не проста абстрактнае паняцце, — кажа Аляксандр Пятроўскі. — Сакратар камсамола быў заўсёды сярод людзей. Падчас працы прыходзілася стасавацца са спецыялістамі з рознымі характарамі. Мы перажывалі мноства вострых сітуацый і павінны былі хутка вырашаць праблемы, што паўставалі перад намі. У любое надвор’е, летам ці зімой, раніцай ці ўвечары, па дарозе і па бездарожжу мы адпраўляліся туды, дзе былі неабходныя. На мой погляд, гэта і была школа жыцця. І менавіта таму людзі дагэтуль успамінаюць камсамол як нейкую вялікую сілу.

alt alt alt

Фотогалерея