logo
vk odnoklassniki youtube instagram twitter facebook
booked.net
Обратиться в редакцию

Разам дбаем пра будучы хлеб

Да выканання кожнай работы трэба адносіцца з адказнасцю. Асабліва калі працуеш у калектыве, і ад якасці тваёй работы залежыць агульны вынік. Гэта добра ўсведамляе вадзіцель адкрытага акцыянернага таварыства «Мазалаўскае» Аляксандр Кандраценка.

Аляксандр Міхайлавіч на аўтамабілі МАЗ ЗСК-15 падчас пасяўной кампаніі забяспечвае сеялкі пасяўным матэрыялам.

— Умяшчальнасць загрузчыка 8 тон, хапае на «запраўку» чатырох сеялак, — распавядае Аляксандр. — Пакуль вядуць сяўбу, трэба паспець даставіць новую порцыю насення. Некаторыя ўчасткі знаходзяцца далёка ад Мазалава, таму трэба спяшацца, каб сеялкі не прастойвалі.

Пасяўная ў сельгаспрадпрыемстве ў самым разгары, пасеяна 25 працэнтаў запланаваных плошчаў зерневых. Аляксандру Міхайлавічу прыйдзецца правесці ў полі яшчэ шмат дзён. Для вопытнага вадзіцеля гэта звычайная справа: ён «запраўляе» сеялкі ўжо чвэрць стагоддзя. За дзень робіць 3-4 рэйсы, а ўлічваючы, што некаторыя палі знаходзяцца на адлегласці да 30 кіламетраў, то набягае да 200.

Пакуль працуюць сеялкі, адказны вадзіцель не марнуе часу дарэмна, заўсёды знаходзіць, чым заняцца: падрэгуляваць аўтамабіль, правесці тэхагляд, дапамагчы ў выпадку паломкі тэхнікі тым, хто непасрэдна заняты на сяўбе. — Цяперашнія дзеці мараць быць праграмістамі, вучонымі, а мы былі больш прыземленыя. З дзяцінства мяне цягнула да тэхнікі — з ёй і звязаў сваё жыццё. Закончыўшы прафесійна-тэхнічнае вучылішча ў Мсціславе, застаўся працаваць на роднай зямлі, — расказвае пра сябе Аляксандр Міхайлавіч.

— Механізатарам у калгасе працаваў бацька, вось я і працягваю яго справу, — усміхаецца Аляксандр Міхайлавіч і дадае: — Прыказка «Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся» — дакладна пра мяне. Мне падабаецца тое, чым займаюся.

Разам з жонкай Ганнай Сямёнаўнай, якая, дарэчы, таксама працуе ў ААТ «Мазалаўскае» ветурачом на свінагадоўчым комплексе, вырасцілі двух сыноў.

Аляксандр Міхайлавіч імкнецца трымаць марку, быць прыкладам для Міхаіла і Аляксандра. Яны, як і бацькі, вырашылі звязаць свой лёс з сельскагаспадарчай вытворчасцю: старэйшы Міхаіл зараз працуе ў роднай гаспадарцы інжынерам па сельгасмашынах, Павел вучыцца ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Ён будзе механікам.

 

alt alt alt
Фотогалерея