logo
vk odnoklassniki youtube instagram twitter facebook
booked.net
Обратиться в редакцию

Любая малая Радзіма — часцінка душы маёй


Годам малой радзімы аб’яўлены 2018 год. Гэта выдатная навіна для кожнага беларуса. Адразу ўзгадваюцца словы нашага вялікага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны, які ў сваёй прадмове да Бібліі адзначаў, што кожны чалавек вялікую ласку мае да таго месца, дзе нарадзіўся. Памятаць родныя мясціны, дзе прайшло маленства, там, дзе маладыя маці і бацька, — наш святы абавязак.

У кожнага свае цёплыя ўспаміны пра родны кут — мірны і шчаслівы. За гады сваёй працы журналістам я сустракалася з вялікай колькасцю разнастайных людзей, якія дзяліліся са мной сваімі ўспамінамі. І кожны з іх узгадвае месца нараджэння з тугой і цеплынёй у сэрцы. Неаднойчы даводзілася пісаць і пра перасяленцаў з зоны Чарнобыльскай АЭС. І кожны раз у іх словах чулася туга па пакінутай вёсцы, падворку, доме. Сумна, калі чалавек не можа вярнуцца ў дом свайго маленства, бо ён існуе толькі ва ўспамінах.

Мой бацька з кагорты такіх людзей. Яго дарагая сэрцу вёска Баравішчы вельмі даўно ператварылася ў суцэльны лясны масіў. У маім дзяцінстве мы часцяком ездзілі туды ў грыбы і ягады. Нягледзячы на тое, што вёскі ўжо даўно няма, мой бацька выдатна памятае свае любімыя «ўраджайныя мясціны». Дагэтуль ён можа распавядаць шматлікія гісторыі, якія здараліся з ім у маленстве, якое выпала на цяжкія пасляваенныя гады.

Вёска Баравішчы была спалена і адноўлена толькі пасля перамогі савецкіх войск. Мая бабуля Юзэфа прайшла праз шматлікія выпрабаванні — жыццё ў лесе, зямлянцы, рабаванне паліцаяў, голад і холад. Ды і пасля не было лягчэй. Дзядуля Іосіф вярнуўся хворы і паранены з фронту. І хутка памёр. Разам з маім бацькам бабуля цяжка працавала на зямлі, каб вырасціць хлеб, які сама навучылася выпякаць у самаробнай печы. Але бацька захоўвае ў сэрцы толькі добрыя ўспаміны пра вясковыя святы і традыцыі, сваіх сяброў і аднакласнікаў, гульні на рэчцы і вясёлыя дваравыя забавы. Вёска маёй маці Чачэнск таксама апусцела. Штогод сюды вяртаюцца былыя вяскоўцы і іх дзеці, каб навесці парадак на могілках і вакол пакінутых сядзіб.

Мае бацькі часта ўзгадваюць сваю малую радзіму, менавіта ў іх успамінах яна застаецца шматлюднай, жывой і ўтульнай. Але вельмі б хацелася, каб нашы беларускія вёсачкі не знікалі, а станавіліся месцам для жыцця і працы.

Вядома, жыць у сельскай мясцовасці вельмі няпроста. Ва ўсе часы на першым месцы тут застаецца праца з раніцы да змяркання. Аднак менавіта гэта робіць нас людзьмі, якія ў поўнай меры адчуваюць жыццё. Падчас працы над праектам газеты «Нашы вёскі» мне шчасціць на сустрэчы з такімі сем’ямі, якія абралі долю рупліўцаў, на якіх сёння на самай справе трымаюцца нашы аграгарадкі і вёскі. Яны з азартам працуюць, з творчым імпэтам упрыгожваюць свае падворкі, а гледзячы на іх намаганні, спяшаюцца ствараць прыгожае і іншыя гаспадары. У кожным куточку Мсціслаўшчыны ёсць людзі, якія імкнуцца ўкласці ў тое, што іх акружае, часцінку цеплыні сваёй душы. Калі вы бываеце ў раёне, прыгледзьцеся і заўсёды ўбачыце такі дом ці вуліцу, дзе звычайныя спрацаваныя шыны ператвараюцца ў арт-аб’ект. І вось гэта ўжо не чорнае кола, а лоўкая кветачніца, дзіўная птушка ці вясёлае і няўрымслівае медзведзяня.

Не так даўно мне трапіла на вочы навіна пра тое, як некалькі гадоў таму адзін бізнесмен удыхнуў новае жыццё ў сваю малую радзіму, пабудаваўшы тут спартыўны цэнтр, турыстычны комплекс з гасцявымі домікамі і лазняй, сучасныя канюшні. Такім чынам, маленькая вёсачка стала не толькі ўтульнай тэрыторыяй для адпачынку, але і месцам, дзе з’явіліся працоўныя месцы для жыхароў. Вось такія інвестыцыі. Але самае галоўнае, што гэты чалавек не забыў свае карані і малую радзіму, не пашкадаваў укласці ў яе развіццё вялікія фінансавыя сродкі — усё дзеля таго, каб вёска не знікла і стала знакамітай.


 

Канешне, зрабіць такое здольны не кожны, але ў нашых руках ёсць самыя разнастайныя магчымасці дапамагчы свайму роднаму кутку не стаць забытым і апусцелым. Дзякуючы зменам у заканадаўстве і налогавым палёгкам для вядзення ўласнага бізнесу ў невялікіх аграгарадках і вёсках, з’явілася магчымасць паспяхова развіваць прадпрымальніцкую дзейнасць. Асаблівае месца тут належыць арганізацыі аграэкасядзіб альбо аб’ектаў дарожнага сэрвісу.

Два гады таму наш Мсціслаў ператварыўся ў суцэльны будаўнічы аб’ект. Горад мяняў сваё аблічча. Дзякуючы выдатнай традыцыі правядзення рэспубліканскага і абласнога свята «Дажынкі», усё больш гарадоў становяцца яшчэ больш утульнымі і дагледжанымі. Пры гэтым у першую чаргу архітэктарамі і будаўнікамі захоўваецца і падкрэсліваецца арыгінальнасць кожнага населенага пункта нашай краіны. Ужо шмат гадоў адкрываюцца і становяцца традыцыйнымі разнастайныя аўтэнтычныя фестывалі: рыцарскія, купальскія, святы бульбы, агурка, цукерак, суніц… Гэта выклікае цікавасць і жаданне вандраваць па краіне не толькі саміх беларусаў, але і гасцей з розных куткоў свету. Таму, канешне, важна ператварыць нашу старонку ў прыгожы, чысты і светлы куток, дзе па-хатняму гасцінна і ўтульна. І гэта ў многім залежыць ад нас саміх і нашага жадання стаць гаспадарамі на сваёй зямлі.

Год малой радзімы — гэта яшчэ адна магчымасць для нас узгадаць, дзе нашы карані, дзе нашы вытокі. Ва ўсе часы светлыя ўспаміны пра родныя месцы і людзей дапамагаюць нам ісці па жыцці, пераадольваючы цяжкасці і перашкоды. І самы час аддзячыць малой радзіме ўвагай, клопатам і дапамогай.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.


Вам может быть интересно
alt alt alt
Фотогалерея

 



Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: