logo
vk odnoklassniki youtube instagram
booked.net
Обратиться в редакцию

Дажынкі-2018: што чакаць ад раённага свята ў Ходасах


У мінулым годзе эстафету правядзення раённага свята «Дажынкі» ў аграгарадка Разанцы прыняў адзін з буйнейшых населеных пунктаў раёна аг. Ходасы. Дарэчы, сёлета разам са святам хлебаробаў будзе адзначацца і Дзень працаўнікоў сельскай гаспадаркі і пераапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу.

Дажынкі-2017 у Разанцах

На працягу года хадасоўцы адказна рыхтаваліся да свята, прычым менавіта жыхары аграгарадка ўнеслі свой вялікі ўклад у навядзенне парадку і чысціні ў населеным пункце.

— Прыемна, што ўсе яны актыўна ўдзельнічалі ў мерапрыемствах па добраўпарадкаванні, — адзначае старшыня Хадасоўскага сельвыканкама Анатоль Пруднікаў. — Людзі не толькі выходзілі на суботнікі, але і на вясковых сходах прымалі рашэнне сабраць сродкі на рамонт і ўладкаванне іх дамоў і вуліц.

Такім чынам была адноўлена вялікая дзіцячая пляцоўка на вуліцы Тэльмана, а зараз вядзецца афарбоўка 560-метровай агароджы на вул. Мсціслаўскай.

Ідзе работа па добраўпарадкаванні ў адкрытым нядаўна ў Ходасах скверы.

Пры падтрымцы ганаровага грамадзяніна нашага горада Аляксандра Кулічкова тут з’явіліся прыгожыя дэкаратыўныя хвойныя і ліставыя дрэвы, якія прывезлі з нацыянальнага парка «Нарачанскі», што знаходзіцца ў Мядзельскім раёне. Акрамя гэтага, у скверы з’явіцца восем лавак з каванымі элементамі, што зробіць месца яшчэ больш утульным і прывабным.

Вялікі ўклад унеслі праваслаўныя вернікі ў аднаўленне і рамонт мясцовага храма прп. Максіма Іспаведніка, які зараз абслугоўвае настаяцель Мазалаўскай Свята-Вазнясенскай царквы іерэй Міхаіл. Тут быў адноўлены фасад і праведзена добраўпарадкаванне прылягаючай тэрыторыі.

— Не засталіся ўбаку і нашы прадпрымальнікі, — гаворыць Анатоль Юр’евіч. — Пры іх фінансавай дапамозе ў цэнтры аграгарадка з’явілася сучасная дошка аб’яў.

Да свята Ходасы кардынальна змянілі сваё аблічча. Тут быў праведзены касметычны рамонт галоўных адміністрацыйных і гандлёвых аб’ектаў: будынкі сельвыканкама, сельскага Дома культуры, вузла паштовай сувязі, гандлёвага дома, крамы «Спадарожнік». Гэта крама не толькі набыла сучасны выгляд, але і была пераабсталявана для магчымасці самаабслугоўвання пакупнікоў.

— Зараз працаўнікі УКПП «Водаканал» убіраюць аварыйныя дрэвы з цэнтральных могілак, — гаворыць старшыня сельвыканкама. — З дапамогай работнікаў ПМК-94 «Вадбуд» было знесена тры пустуючых дамы. Дарэчы, працаўнікі кожнага раённага прадпрыемства і арганізацыі ўнеслі свой пасільны ўклад у навядзенне парадку, узяўшы ўдзел у месячніку па добраўпарадкаванні. За гэта ім жыхары вельмі ўдзячныя.

Будзе адкрыты ў Ходасах і новы аб’ект — сучасны пажарны аварыйна-выратавальны пост.

Як адзначаюць выратавальнікі, дадзены праект і будынак, які быў адбудаваны з нуля, — першы ў рэспубліцы. І ў будучым такія пасты з’явяцца ў іншых аграгарадках па ўсёй краіне.

Яшчэ адна прыемная асаблівасць: удзельнікаў і гасцей свята будзе сустракаць новы ўязны знак «Аграгарадок Ходасы».

Ужо завершаны работы па рамонце помнікаў воінскіх захараненняў, добраўпарадкаваны прылягаючы парк. З’явіліся рэдкія пароды дрэў у міні-дэндрапарку Хадасоўскага лясніцтва.

Як бачым, да свята ў аграгарадку многае змянілася да лепшага, а гэта не можа не радаваць вяскоўцаў. Праз тыдзень тут збяруцца лепшыя працаўнікі сельскай гаспадаркі і кіраўніцтва раёна. На цэнтральнай плошчы з’явяцца гандлёвыя кропкі, у Доме культуры будзе прадстаўлена дзейнасць сельвыканкамаў, будуць аформлены шматлікія выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фотаздымкаў і шмат іншага. Завяршыцца мерапрыемства яскравым феерверкам.

Ходасы чакаюць усіх на свята з выдатным настроем і добрымі пажаданнямі.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.


Вам может быть интересно
alt alt alt
Фотогалерея

 

 

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: