Пустынскі манастыр: сцяжынкі да дзяцінства. Ліст Ларысы Змушко

5
Поделиться:

Пустынскі манастыр: сцяжынкі да дзяцінства. Ліст Ларысы Змушко

Мая вёсачка! Тут дарожкі да незабываемага дзяцінства. Усё роднае і блізкае. Тут добра бывае на душы, вольна дыхаецца, адчуваеш Божую благадаць.

Маё маленства прайшло на тэрыторыі Пустынскага манастыра. Тут я нарадзілася.

Гэта адзін з найпрыгажэйшых помнікаў архітэктуры. Ён пачынаўся з храма, пабудаванага над крыніцай у гонар Ражства Божай Маці, і праіснаваў амаль 540 гадоў. Пасля перамогі ў Грунвальдскай бітве Сямён-Лугвен падарыў Пустынь манахам, шчодра адарыў сродкамі на будаўніцтва манастыра. У пачатку XIX стагоддзя манастыр складаўся з Успенскага сабора, манастырскага корпуса з царквой, званіцы, школы, капліцы, дзвюх гаспадарчых пабудоў, трох жылых дамоў, стайні (конюшни) і свірна. Манастыр перажыў росквіт і забыццё. Успенскі сабор быў галоўным храмам манастыра і меў фрэскавы роспіс. Званіца і корпус школы былі пабудаваны ў другой палове XIX стагоддзя. У 1865 годзе быў асвечаны Пакроўскі храм (зараз ён аднаўляецца), які быў аб’яднаны з брацкімі карпусамі, дзе знаходзіліся келіі настаяцеля, манахаў і брацкая трапезная.

Пустынскі манастыр: сцяжынкі да дзяцінства. Ліст Ларысы Змушко

Але цэрквы былі разбураны, а ў брацкіх карпусах размясціўся дзіцячы дом. У 1961 годзе яго закрылі, а дзяцей раскідалі па ўсёй краіне. І больш яны ніколі не бачыліся.

У народзе гэта месца называлі «детдом».

Гэта непаўторны і цікавы куточак зямлі. Ён заўсёды ўражваў чысцінёй і парадкам. Насупраць нашага дома была вялікая кляновая алея, намнога старэйшая за мяне. У вуглу сада рос грэцкі арэх. Каля нашага агарода стаяў каржакаваты дуб-волат, пад якім мы збіралі баравікі… А на прышкольным участку нам давалі ўрокі па працоўным навучанні.

Асабліва тут рыхтаваліся да 1 Мая: клумбы і сад былі пабелены, усё дагледжана (сад быў вялікі, нават і зараз засталося некалькі старых яблынь). У гэты дзень школа выходзіла на дэманстрацыю. Калона была ўпрыгожана кветкамі, лозунгамі, сцягамі. З акна школы гучала музыка «Утро красит нежным светом…».

Пустынскі манастыр: сцяжынкі да дзяцінства. Ліст Ларысы Змушко

Насельнікаў на тэрыторыі манастыра было нямнога: сям’я настаўніка дзіцячага дома Мікалая Макарэвіча, сябра Мікалая Чуркіна, Феня Серафімовіч, касцялянша дзіцячага дома, якая выратавала сцяг дзетдома ў гады вайны, мая сям’я, прыбіральшчыца школы цёця Каця з сынам і дзве бабулькі-сястры, што жылі ў доме перад манастырскай сцяной. Жылі дружна. Цэнтрам культуры была школа і маленькі магазін, у які прыходзілі людзі з Пустынак, Гультаеўкі, Зялёнага Луга. На перапынках дзеці бегалі туды за прысмакамі.

У 1978 годзе апошняя сям’я пакінула тэрыторыю манастыра.

28 жніўня будзе 40 гадоў, як мы жывём у Мсціславе.

У 2003 годзе ў Пустынках з’явіліся манахі і пачалося адраджэнне манастыра. У гэтым жа годзе ў школе з’явіўся абраз Спаса Нерукатворнага. Гэта стала добрым знакам. 7 жніўня 2005 года на крыніцы была асвечана царква Ражства Святой Багародзіцы. 27 мая 2007 года на дзень Святой Тройцы ўпершыню зазванілі званы.

Я заўсёды марыла пра тое, што калі-небудзь каля Пустынскай школы збяруцца яе былыя выпускнікі. 2 кастрычніка 2010 года, праз 50 гадоў пасля закрыцця дзіцячага дома, адбылася сустрэча тых, чый лёс быў звязаны з дзіцячым домам і школай. Людзі ехалі на сустрэчу са сваім дзяцінствам. Выходзілі з машын, трымаючы ў руках шыльды: 1953 год, 1955… Ад радасці яны плакалі. Гаварылі і не маглі нагаварыцца! А потым у нас быў імправізаваны канцэрт. Ды яшчэ які!

Мы часта ездзім на радзіму са сваімі дзецьмі і ўнукамі. Няхай ведаюць, што далёка не ўсім перападае такая спадчына! Назапашваюць ў сабе душэўную пяшчоту і крочаць па зямлі з чыстым сумленнем.

Ларыса Змушко.


Спадабалася? Можаце прачытаць яшчэ адзін ліст, прысвечаны малой радзіме

http://mstlife.by/uspomni-svae-karani-list-galiny-damaratskaj-z-ag-mushyna/