Дарогамі да падпісчыкаў

Поделиться:

Дарогамі да падпісчыкаў

У абслугоўванні насельніцтва перасоўным аддзяленнем сувязі немалаважная роля належыць вадзіцелю. Ён павінен прыязджаць у кожны населены пункт па графіку. Такое патрабаванне заўсёды выконвае вадзіцель раённага вузла паштовай сувязі Ігар Пруднікаў.

Кожным ранкам, акрамя нядзелі і панядзелка, Ігар Юр’евіч разам з начальнікам перасоўнага аддзялення сувязі Галінай Міхайловай адпраўляюцца ў паездку. У аўтамабіль УАЗ-33036, які прыстасаваны для аўтаномнага абслугоўвання насельніцтва, прадастаўлення разнастайных паштовых паслуг, загружаюцца перыядычныя выданні падпісчыкам, карэспандэнцыя, пасылкі, на паштовыя аддзяленні сувязі неабходныя тавары.

Дарогамі да падпісчыкаў

Ігар Юр’евіч бярэ накірунак на аг. Мушына. Гэта першы населены пункт у маршруце перасоўнага аддзялення сувязі.

— У сераду і суботу маршрут абслугоўвання складае 165 кіламетраў, — расказвае вадзіцель. — Гэта больш на 60 кіламетраў, чым у іншыя дні. Прычына таму — дастаўка раёнкі па маланаселеных вёсках, такіх, напрыклад, як Вяркееўшчына ў Мушынскім сельсавеце. Але гэта ніколькі мяне не напружвае, наадварот, прыемна прынесці людзям радасць ад сустрэчы з любімым выданнем.

Прафесію вадзіцеля Ігар Пруднікаў атрымаў у Мсціслаўскім дзяржаўным прафесійным ліцэі №6 пасля заканчэння Мушынскай сярэдняй школы. Да шафёрскай працы прывяла любоў да тэхнікі, рамантыка дарог. Са службай у арміі прыбавілася і майстэрства ў кіраванні аўтамабілем. У войсках супрацьпаветранай абароны Ігар Юр’евіч кіраваў КамАЗам, на якім быў усталяваны дызельны электрагенератар. У тыя далёкія гады ён нават і падумаць не мог, што ў жыцці яму давядзецца зноў абслугоўваць электрагенератар, толькі бензінавы. Без яго немагчыма было б абслугоўваць людзей, якія жывуць там, дзе няма паштовага аддзялення сувязі. Прыязджаючы, напрыклад, у Лар’янава, Каробчына, І. Пруднікаў перш-наперш запускае бензагенератар. Дзякуючы яму электрычнасць падаецца для работы камп’ютара, і жыхары могуць на месцы зрабіць неабходныя плацяжы: аплаціць камунальныя паслугі, за карыстанне мабільным тэлефонам, за інтэрнэт. Гэта вельмі зручна. Не трэба ехаць у горад. А каб так было заўсёды, Ігар Юр’евіч клапоціцца пра тэхніку. Своечасова робіць тэхнічнае абслугоўванне аўтамабіля, неабходны рамонт. Стараннай працай, добрасумленным стаўленнем да сваіх абавязкаў Ігар Пруднікаў робіць важкі ўнёсак у зладжаную работу ўсяго раённага вузла паштовай сувязі.